Трамп і Маск пад ударам
1- Дайан Фрэнсіс
- 9.11.2026, 10:09
- 1,872
Фота: Alex Brandon / AP
Рэспубліканцы растрацілі свой мандат на кіраванне.
Дональд Трамп перад гэтымі выбарамі заклікаў амерыканскіх выбарцаў «уявіць, што ў выбарчым бюлетэні ёсць маё імя». На няшчасце для прэзідэнта ЗША, яны так і зрабілі — і рашуча яго адхілілі.
Рэспубліканцы растрацілі свой мандат на кіраванне, даверыўшыся некампетэнтнаму і карумпаванаму лідару. У дадатак ён знемажваў людзей сваёй неасцярожнасцю і безразважнасцю, і амерыканцам урэшце надакучыла жыць у стане стомы і раздражнення. Вядома, у адказ на паразу Трамп апублікаваў твіт, далёкі ад рэчаіснасці: «Майго імя ў бюлетэні не было. А калі б яно там было, мы б адсвяткавалі САКРУШАЛЬНУЮ ПЕРАМОГУ!»…
Вядома, яго не было ў бюлетэнях; твіт выглядаў адкрыта недарэчна, а свет з палёгкай уздыхнуў — новыя сезоны шоу «Кандыдат» адмяняюцца.
Хоць такі вынік выбараў можна толькі вітаць, вакуум улады нікога не радуе, а супрацьстаянне Кангрэса, які знаходзіцца пад кантролем дэмакратаў, і прэзідэнта-рэспубліканца можа абярнуцца сітуацыяй, у якой прайграюць усе.
На Трампа абрынуцца шматлікія расследаванні яго дзейнасці на пасадзе прэзідэнта і спробаў нажыцца на сваёй пасадзе. Пад ударам акажуцца таксама Ілон Маск і іншыя тэхналагічныя магнаты, якія далучыліся да Трампа дзеля ўласнай выгады. Іх прысутнасць у Белым доме таксама выклікала незадаволенасць амерыканцаў, і без таго занепакоеных пагрозай страты працоўных месцаў з-за ШІ, імклівым ростам колькасці дата-цэнтраў і пераходам кіравання краінай у рукі тэхнакратаў.
Упраўду, выбары паказалі, што некаторыя з гэтых тэхналагічных варатылаў не так ужо і разумныя. Маск, чыё багацце дасягнула трыльёна долараў, спусціў бяспрэцэдэнтныя 400 мільёнаў на падтрымку рэспубліканскіх кандыдатаў на прамежкавых выбарах. Вялізныя сумы ўпустую патратылі і іншыя магнаты Крамянёвай даліны, што стаялі побач з Трампам на яго інаўгурацыі.
Каментуючы паразу, Маск толькі аджартаваўся: «Падобна, мае касмічныя лазеры для ўмяшання ў выбары гэтым разам не спрацавалі». Але яму будзе не да жартаў, калі пачнуцца ініцыяваныя дэмакратамі расследаванні.
У такім выпадку Маску і іншым давядзецца з'явіцца на слуханні і пад прысягай патлумачыць, чаму такія значныя сумы з кішэні падаткаплацельшчыкаў дасталіся яму і найбуйнейшым, самым прыбытковым тэхналагічным кампаніям свету.
За дыпламатыяй пасля выбараў будзе цікава назіраць. Улічваючы маштаб перамогі, дэмакраты могуць і мусяць прыняць закон аб неадкладнай пастаўцы Украіне ракет Patriot, а таксама дамагчыся ад Трампа прымянення сакрушальных санкцый супраць Расіі, прадугледжаных законапраектам пакойнага сенатара Ліндсі Грэма.
Трамп падпісаў закон, але зрабіў якраз наадварот: пачаў закупляць мільёны тон расійскага дызельнага паліва, па сутнасці фінансуючы крывавую бойню, учыненую Пуціным ва Украіне, — і ўсё гэта ў марнай спробе збіць цэны, што ўзляцелі праз распачатую ім жа вайну з Іранам. Але гэта не дапамагло. «Галоўная прычына нашай паразы (на выбарах) — гэта вайна, — напісаў віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс. — Прэзідэнт сам прызнаў гэта ў чацвер увечары».
На жаль, Дэмакратычная партыя не атрымала большасці, дастатковай для пераадолення прэзідэнцкага вета, і Трамп можа заблакаваць любы прыняты імі закон. Каб адхіліць яго пярэчанні і дамагчыся свайго, патрэбныя дзве трэці галасоў у кожнай палаце — столькі месцаў дэмакраты не атрымалі.
Але і свабода дзеянняў прэзідэнта не бязмежная. Ён можа накласці вета на меры супраць Пуціна, прынятыя Кангрэсам, аднак рызыкуе адштурхнуць прыхільнікаў нават уласнай палітычнай сілы. Уступкі Расіі адхіляюць абедзве партыі. Дэмакраты і многія рэспубліканцы выступаюць за пастаянную ваенную і фінансавую падтрымку Украіны. Дэмакратычная партыя таксама супраць ціску Белага дома на Кіеў з мэтай прымусіць яго пайсці на тэрытарыяльныя саступкі і супраць зняцця дзеючых санкцый з расійскай энергетыкі.
Варта адзначыць і тое, што расійская кампанія дэзынфармацыі падчас выбараў дала адваротны эфект: яна спрыяла высокай яўцы прыхільнікаў дэмакратаў і абярнулася супраць кандыдатаў, якім Масква спрабавала дапамагчы.
Падлізвацца перад Пуціным дэмакраты не стануць.
Першая геапалітычная праверка чакае ўжо на наступным тыдні, калі пасярэднікі Трампа сустрэнуцца ў Абу-Дабі з прадстаўнікамі Украіны і Расіі, каб паспрабаваць пакласці канец вайне. Кіеў карыстаецца шырокай падтрымкай амерыканцаў, а Пуцін выклікае агіду. Спрыяльны фон стварае і ўдзел Папы Рымскага і Меланіі Трамп у перамовах аб спыненні агню дзеля выратавання галодных украінцаў з разбуранага горада, які па-ранейшаму ўтрымліваюць расійскія войскі. За гэта і іншыя добрыя справы Зяленскі нядаўна ўзнагародзіў першую лэдзі ЗША ордэнам княгіні Вольгі I ступені. Разумны крок і заслужаная ўзнагарода.
Пуцін, са свайго боку, прапанаваў правесці напрыканцы лістапада ў Кітаі трохбаковы саміт з Трампам і Сі, разлічваючы аднавіць свой пахіснуты аўтарытэт. Ці адбудзецца такая сустрэча, пакуль далёка не ясна, аднак вынікі прамежкавых выбараў аслабляюць перамоўныя пазіцыі Трампа на любых будучых самітах.
Пры гэтым двухбаковая сустрэча ЗША і Кітая ў любым выпадку хутка абавязкова адбудзецца. Бакі абмяркуюць паслабленне пошлін і супрацоўніцтва ва ўрэгуляванні міжнародных канфліктаў — гэта значыць дапамогу Пекіна ў стрымліванні Ірана і Расіі, — што дазволіць Трампу аднавіць пацярпелую рэпутацыю.
Узамен Сі будзе дамагацца гандлёвых саступак і доступу да нафты, што перавозіцца праз Армузскую пратоку пад аховай амерыканскага флоту.
У саміх ЗША дэмакраты прымуць закон, які забараняе членам Кангрэса, прэзідэнту і суддзям Вярхоўнага суда гандляваць акцыямі — незалежна ад таго, замешаныя яны ў карупцыі ці не. Яны таксама запатрабуюць падаць дакументы і абавяжуць датычных даць паказанні па пытаннях, звязаных з біржавымі здзелкамі, крыптавалютамі, матэрыяламі справы Эпштэйна, Ілонам Маскам, вайной з Іранам і любымі праектамі Трампа з удзелам замежных інвестараў або ўрадаў.
Сабраныя доказы могуць стаць падставай для пачатку працэдуры імпічменту ў Палаце прадстаўнікоў, пасля чаго справу будзе разглядаць Сенат.
Атрымаўшы дадатковыя месцы ў абедзвюх палатах, дэмакраты пашырылі свае магчымасці. Але ў рэшце рэшт Трамп можа накласці вета на любую ініцыятыву, а пераадолець яго можна толькі 2/3 галасоў — як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сенаце.
Вынікі выбараў сталі самым цяжкім паражэннем Рэспубліканскай партыі з часоў уотэргейтскага крызісу Ніксана ў 1974 годзе. Новая ключавая фігура ў Кангрэсе, лідар Палаты прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс растлумачыў, што вынікі галасавання — гэта не пытанне спрэчкі «левых» і «правых», а супрацьстаянне народа і прэзідэнта. «Амерыканцы прама кажуць свайму прэзідэнту: выбірай інтарэсы народа або выбірай дурноту», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што меры па змяншэнні кошту жыцця — гэта «ў інтарэсах людзей», а вайна з Іранам — «у дагоду дурноце».
Гэтыя выбары сталі і адмовай ад культуры таксічнай маскуліннасці, галоўным правадніком і ўвасабленнем якой выступае Трамп.
Сярод усіх гэтых агідных няўдачнікаў з тэхналагічнага бізнесу, якія мараць стаць падабенствам Трампа, найгоршым аказаўся Вівек Рамасвамі. Хітраваты мільярдэр з біятэхналагічнай галіны з непрыхаванымі амбіцыямі выдаткаваў 100 мільёнаў долараў на барацьбу за пасаду губернатара Агаё, але пацярпеў прыніжальную паразу ад доктара Эмі Эктон. Падчас кампаніі Рамасвамі выпусціў накіраваны супраць суперніцы рэкламны ролік з удзелам яе маці, з якой Эктон даўно не падтрымлівае адносінаў. Та сцвярджала, што дачка хлусіць пра сваё дзяцінства, і заклікала жыхароў штата не галасаваць за яе. Гэта падлая атака ўскалыхнула краіну, калі высветлілася, што некалькі дзесяцігоддзяў таму маці Эктон пазбавілі апекі над Эмі і яе братам пасля таго, як яе мужу, іх айчыму, прад'явілі абвінавачанне ў згвалтаванні Эмі, калі тая была дзіцём. І Трамп, і Вэнс, аднак, выступілі ў абарону роліка. У выніку Эктон упэўнена перамагла. І следам за Агаё хваля падтрымкі дэмакратаў накрыла і ўсю астатнюю краіну.
Гэта быў не проста прамах, а чарговае праяўленне мізагініі і жорсткасці, уласцівых Трампу і яго асяроддзю.
У тым жа шэрагу — абразы ў адрас жанчын, шакавальныя метады масавых дэпартацый і зусім нічым не апраўданая слоўная атака, якую Трамп і Вэнс сумесна ўчынілі прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму у 2025 годзе.
Менавіта гэтая манера самасцвярджацца за кошт прыніжэння іншых ляжыць у аснове захаплення Трампа такімі аўтарытарнымі лідарамі, як Біньямін Нэтаньяху ў Ізраілі, Уладзімір Пуцін у Расіі, Кім Чэн Ын у Паўночнай Карэі і Сі Цзіньпін у КНР.
У чэрвені Трамп нават адзначыў 250-годдзе ЗША (і заадно свой 80-гадовы юбілей), уладкаваўшы паядынкі UFC проста на тэрыторыі Белага дома, на спецыяльна пабудаванай з гэтай нагоды арэне. Як заўсёды, на ёй выступалі байцы з сем'яў імігрантаў або бежанцаў, якія бязлітасна збівалі адзін аднаго да крыві, спрабуючы вырвацца з беднасці. З-за такога цынізму і па мільёнах іншых прычын большасць амерыканцаў паказалі Трампу і яго прыслужнікам на дзверы.
Дайан Фрэнсіс, New Voice