У Крычаве выпусцілі дзіўную заяву пра «людзей у камуфляжнай форме»
6- 9.11.2026, 10:34
- 3,488
Сілавікі заклікаюць шукаць «падазроных асоб моцнага целаскладу».
Міліцыя Крычаўскага раёна папрасіла жыхароў быць максімальна ўважлівымі дзеля грамадскай бяспекі. Зварот мясцовых сілавікоў апублікаваў Krichevlive.
«Калі ў горадзе Крычаве або ў сельскіх населеных пунктах раёна вы заўважылі падазроных асоб моцнага целаскладу ў камуфляжнай форме, якія паводзяць сябе ўтоена, цікавяцца аб’ектамі інфраструктуры або распытваюць мясцовых жыхароў, НЕАДКЛАДНА паведаміце пра гэта ў міліцыю», — гаворыцца ў паведамленні.
Тэлефанаваць прапануюць па нумары 102. Трэба назваць, дзе і калі былі заўважаныя незнаёмцы, як яны выглядалі і ці было пры іх зброя.
Міліцыя папярэджвае ад самастойных дзеянняў: падыходзіць да падазроных людзей, распытваць іх або спрабаваць іх затрымліваць не трэба. «Ваша галоўная задача — хутка і бяспечна перадаць інфармацыю спецыялістам. Бяспека нашага роднага краю залежыць ад кожнага з нас», — падкрэслілі сілавікі.
Чым выкліканыя такія меры, у міліцыі не патлумачылі. Там толькі нагадалі, што ў раёне цяпер праходзяць вучэнні тэрытарыяльнай абароны.