У цэнтры Кракава адбылася страляніна: 5 чалавек загінула
- 7.11.2026, 18:38
- 6,384
Ёсць і параненыя.
7 лістапада ў цэнтры польскага Кракава адбылася страляніна. Паводле апошніх звестак, загінулі 5 чалавек, паведамляе Onet.
Паводле слоў журналістаў, стрэлы прагучалі на Галоўнай Рынкавай плошчы горада.
Прадстаўнік Дзяржаўнай пажарнай службы паведаміў СМІ, што агонь адкрылі з аўтамабіля, які праязджаў міма натоўпу.
Ён таксама пацвердзіў, што ў выніку інцыдэнту ёсць загінулыя і параненыя.
Зараз на Рынкавай плошчы Кракава працуюць брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Таксама на месца прызямліўся верталёт санітарнай авіяцыі.
Акрамя таго, у горадзе праводзіцца паліцэйская аперацыя.

«Адразу пасля атрымання інфармацыі пра тое, што на Рынкавай плошчы прагучалі стрэлы, на месца здарэння накіравалі ўсе наяўныя паліцэйскія патрулі», — паведаміў Onet дзяжурны афіцэр паліцыі Кракава.
У Галоўным упраўленні паліцыі Кракава паведамілі пра затрыманне падазраванага ў страляніне. У выніку інцыдэнту былі параненыя двое праваахоўнікаў. У той жа час, паводле даных журналістаў, сярод выпадковых мінакоў ёсць 10 пацярпелых.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца аўтамабіля заехаў на галоўную плошчу горада і адкрыў агонь. На вітрынах мясцовых крам, у прыватнасці, відаць сляды ад куль.
Прадстаўнік Малапольскай дзяржаўнай пажарнай службы Губерт Цеплы у эфіры Polsat News заявіў, што ў выніку страляніны загінулі 5 чалавек.