У Быхаве адкрылі дзіўны помнік жанчыне-маці
10- 8.11.2026, 17:48
- 3,436
Мясцовыя ўлады назвалі помнік «глыбока сімвалічнай падзеяй».
У Беларусі 6 лістапада адкрылі чарговую скульптурную кампазіцыю да Года беларускай жанчыны — гэтым разам у Быхаве Магілёўскай вобласці, звярнуў увагу «Белсат». Мясцовыя ўлады з гонарам паведамілі пра адкрыццё, але твор выглядае дзіўна.
Скульптура «Жанчыне-маці» размешчана ў гарадскім парку 60-годдзя вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна выяўляе маці і сына ў традыцыйным адзенні сялян пачатку ХХ стагоддзя.

«Унікальны манумент, прысвечаны самаму роднаму чалавеку — маме. Хай гэтая скульптурная кампазіцыя як мага часцей нагадвае кожнаму з нас у штодзённай мітусні спыніцца і сказаць простае, але такое важнае «Дзякуй!» сваёй маме», — піша раённая газета «Маяк Прыдняпроўя», называючы гэта «глыбока сімвалічнай падзеяй».

Паводле паведамлення выдання, манумент — «вынік маштабнай сумеснай працы і шчырай ініцыятывы жыхароў нашага раёна». Яго ўстанавілі па ініцыятыве грамадскіх арганізацый раёна і маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў. Сродкі на скульптуру выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Навадзіць парадак у парку і рыхтаваць пляцоўку камунальнікам дапамагалі «актывісты і ініцыятыўная моладзь».
