Ідэолаг «рускага міру» Дугін назваў «прычыну», паводле якой Расія забівае ўкраінцаў
36- 5.11.2026, 4:21
- 22,974
Прапагандыст здзівіў цынічнай заявай.
Ідэолаг «рускага міру» Аляксандр Дугін заявіў, што краіна-агрэсар РФ забівае ўкраінцаў, нягледзячы на быццам бы «любоў», дзеля нейкай «вельмі важнай мэты». Пра гэта ён сказаў у адным з выпускаў расійскага прапагандысцкага праекта «Метафізіка Маларасіі». Фрагмент відэа 1 лістапада апублікаваў у Facebook Таір Азадаў.
Калі менавіта запісалі выпуск з Дугіным, не ўдакладняецца.
«Мы вас любім, мы вас паважаем, і нават калі мы вымушаныя вас забіваць, мы робім гэта, страляючы ў сэрца, у твар, у галаву ўласных братоў і сясцёр. Гэта вельмі цяжка, але мы гэта робім дзеля нейкай вельмі важнай мэты. Мы нават не можам гэтага ўсвядоміць. Гэтая мэта перавышае ўсе нашыя фармальна абвешчаныя, дэклараваныя задачы. Мы робім гэта ў імя выратавання, у імя пераўтварэння», — заявіў Дугін.
Паводле яго слоў, расіяне і ўкраінцы быццам адзіныя, а забойствы ўкраінцаў Расія чыніць дзеля таго, каб яны зноў сталі «адным», аднак чым менавіта, не ўдакладніў.
«Мы з вамі адзіныя, мы робім гэта дзеля таго, каб мы былі з вамі адным, бо мы з вамі адно», — сказаў ідэолаг «рускага міру».
4 лістапада ў тэлеграм-канале Дугін заявіў пра завяршэнне гэтага прапагандысцкага праекта, у ім выйшла 10 выпускаў з удзелам расійскіх прапагандыстаў, вайскоўцаў і іншых спікераў.