Малады паліцыянт, які абясшкодзіў тэрарыста, стаў новым героем Польшчы
2- 7.11.2026, 22:00
- 4,086
Цяжка паранены, ён да апошняга ахоўваў затрыманага стралка.
У Польшчы з’явіўся новы герой. Гэта малады паліцыянт, які, нягледзячы на ўласнае цяжкае параненне, да апошняга ахоўваў абясшкоджанага ім выканаўцу тэракту ў Кракаве. Сацсеткі поўныя слоў удзячнасці супрацоўніку, які, верагодна, папярэдзіў далейшае крывапроліцце. «Ён і яго калега трапілі пад абстрэл нападніка», — расказала газеце «Fakt» падінспектар Катаржына Цісла з малапольскай паліцыі.
Пра мужнасць паліцыянта стала вядома дзякуючы відэа аднаго з мінакоў, які зафіксаваў момант затрымання стралка ў Кракаве. На запісе відаць, як па мужчыне ў адзенні, падобным да вайсковай формы, страляе паліцыянт. Ён робіць шэсць стрэлаў, апускаецца на калена і страляе сёмы раз.
Увага! Жорсткія кадры!
На відэа не бачна паранення паліцыянта, але сумненняў у тым, што ў яго трапілі, няма. Ён падае на калені і робіць апошні стрэл. Потым на працягу некалькіх дзесяткаў секунд стаіць на каленях каля мужчыны, які ляжыць на зямлі. Відаць, што ён працягвае ахоўваць нападніка, хоць яму ўсё цяжэй утрымліваць раўнавагу. У пэўны момант ён падае на тратуар на спіну.
Усё гэта адбывалася на скрыжаванні вуліц Дытля і Страдомскай, у раёне кракаўскага Казімежа.
У сеціве з’явілася шмат слоў падтрымкі параненаму супрацоўніку. «Уся Польшча дзякуе за мужнасць і жадае як мага хутчэйшага акрыяння нашаму спадару-паліцыянту», — напісаў карыстальнік Кшыштаф.
«Вялікі герой», — дадала карыстальніца Марта.
Двое паліцыянтаў цяжка параненыя. «Адзін з іх у крытычным стане, лекары змагаюцца за яго жыццё. Цяпер я не ведаю, ці гэта той, хто абясшкодзіў нападніка, ці другі, па якім стралялі каля патрульнай машыны», — сказала «Fakt» падінспектар Катаржына Цісла з малапольскай паліцыі.