Малдова пазбавілася энергетычнай залежнасці ад Расіі
1- 9.11.2026, 11:08
- 1,010
Краіна падключылася да энергасістэмы Румыніі і спыніла закупкі газу ў Масквы.
У Малдове 8 лістапада адбылася цырымонія запуску лініі электраперадачы Вулканешты – Кішынёў, якая дапаможа краіне пазбавіцца ад энергетычнай залежнасці ад Расіі.
Пра гэта ў сваім пасце напісала прэзідэнт Малдовы Мая Санду, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Санду адзначыла, што цяпер будуюцца яшчэ дзве ЛЭП, а таксама дадала, што Малдова больш не залежыць ад РФ у энергетычным плане.
Яна таксама падкрэсліла, што Малдова спыняе закупкі расійскага газу.
«Мы запусцілі лінію электраперадачы Вулканешты–Кішынёў, якая злучае Малдову з Румыніяй і еўрапейскай энергасістэмай. На працягу дзесяцігоддзяў Масква выкарыстоўвала энергетыку, каб шантажаваць нас. Цяпер гэта ў мінулым: Малдова не закупляе расійскі газ, а яшчэ дзве лініі электраперадачы ў Румынію ўжо будуюцца. Дзякуем усім, хто прыклаў да гэтага намаганні», – падкрэсліла прэзідэнт Малдовы.
Як паведамляе NewsMaker, цырымонія запуску адбылася на Кішынёўскай электрастанцыі.
Міністр энергетыкі Дорін Жунгіету заявіў, што «для Малдовы энергетычная бяспека азначае святло ў дамах, працу прадпрыемстваў і функцыянаванне службаў. А таксама свабоду прымаць рашэнні, не баючыся, што хтосьці будзе выкарыстоўваць энергію для навязвання сваёй волі».
У сваю чаргу Санду распавяла, што будаўніцтва лініі электраперадачы завяршылі ў лістападзе 2025 года, пасля чаго прайшлі тэхнічныя выпрабаванні, праверкі бяспекі і працэдуры прыёмкі. Падстанцыя ў Вулканештах была гатовая ў чэрвені 2026 года, а на станцыі ў Кішынёве некалькі тыдняў таму пачалі выпрабаванні.
Як падкрэсліла прэзідэнт Малдовы, сёння «ніхто больш не можа шантажаваць нас, адключаць святло і ацяпленне».
Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння Марта Кос, якая прысутнічала на цырымоніі, заявіла, што «сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што залежнасць Малдовы ад расійскіх энергарэсурсаў канчаткова спынена».
«Ні адна краіна не зможа і надалей выкарыстоўваць крыніцы энергіі, каб дыктваць свае ўмовы Малдове. Цяпер у вас больш выбару», – адзначыла яна.
Лінія электраперадачы Вулканешты – Кішынёў дасць магчымасць пастаўляць электраэнергію непасрэдна з Румыніі ў Кішынёў, абмінаючы Малдаўскую ГРЭС у Прыднястроўскім рэгіёне.
Раней Малдова амаль цалкам залежала ад расійскай газавай кампаніі «Газпрам» у пытаннях імпарту газу.
І хоць яшчэ ў снежні 2022 года Малдова спыніла закупкі ў «Газпрама», расійскі газ працягвала атрымліваць Малдаўская ГРЭС, размешчаная ў Прыднястроўі, адкуль Малдова закупала электраэнергію.