Дэфолт Лукашэнкі
1- 19.10.2026, 9:28
- 2,448
Рэжым не ў стане выконваць натуральныя функцыі.
Пасля 2020 года ў Беларусі ў многіх сферах адбыўся дэфолт дзяржаўных функцый, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч для «Радыё Свабода»:
— Гэта значыць, што дзяржаўныя ўстановы ў пэўнай ступені перасталі выконваць свае абавязкі, базавыя задачы.
Напрыклад, цалкам разбураная прававая сістэма і інстытуты правасуддзя, без чаго немагчыма існаванне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы. У дачыненні да апанентаў рэжыму законы, права перасталі дзейнічаць.
Моцна дэградавала знешняя палітыка краіны, яна страчвае сваю міжнародную суб'ектнасць, бо трапіла ў велізарную залежнасць ад Расіі. Дзейны рэжым правакуе штучныя канфлікты з суседзямі, дыстанцуецца ад еўрапейскіх арганізацый (Рада Еўропы, Усходняе партнёрства), але інтэгруецца ў азіяцкія структуры (ШАС, Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі), нееўрапейскія аб'яднанні (БРІКС, Рух недалучэння). Міністэрства замежных спраў эвалюцыянавала ў нейкае падабенства Міністэрства прапаганды.
Назіраецца дысфункцыя ў сферы эканомікі. Лукашэнка ўжо два гады займаецца ратаваннем Віцебскай вобласці, перадусім сельскай гаспадаркі, і сам прызнае, што не можа справіцца. Здавалася б, ёсць просты выхад: раздаць зямлю фермерам, уласнікам, прычым не ў арэнду як прымусовую нагрузку, а перадаць або прадаць у прыватную ўласнасць. Але не, дзяржава не хоча выпускаць зямлю са сваіх рук, аднак і распараджацца ёю па-гаспадарску не можа.
Рэжым адмаўляецца ад выканання функцыі аховы мяжы, піша Валер Карбалевіч:
— У выніку чаго замежныя грамадзяне (незаконныя мігранты) гадамі штурмуюць мяжы суседніх з Беларуссю краін — членаў Еўрасаюза.
Можна доўга разважаць пра тое, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі не ў стане выконваць тыя натуральныя функцыі, якія павінна выконваць любая дзяржава. Аднак атрымліваецца, што ў адных сферах дзяржавы мала, яна не спраўляецца са сваімі задачамі, а ў іншых, наадварот, яе зашмат.
Напрыклад, карныя функцыі разрасліся да неверагодных маштабаў. Да таго ж дзяржава лезе туды, куды ёй лезці не варта, — пасягае на прыватнае жыццё людзей, іх светапогляд, духоўную сферу.
Такія перакосы ў дзейнасці ўладаў выкліканыя тым, што яны ставяць на першае месца не развіццё краіны, не тыя сферы, дзе яны павінны працаваць на грамадства, а перадусім дбаюць пра нейтралізацыю пагроз свайму панаванню. У выніку атрымліваецца такі дзіўны Левіятан, вельмі негарманічны, несамабытны, але ён пагражае ўласным грамадзянам.