Расійскія дроны заляцелі ў Беларусь
- 19.10.2026, 9:54
Адзін праляцеў над Гомелем, другі даляцеў да мяжы з Польшчай.
Чарговыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Беларусі пры расійскіх атаках зафіксаваў «Флагшток» 18–19 кастрычніка. На гэты раз беспілотнікі заляталі не толькі ў Гомельскую, але і Брэсцкую вобласці.
Каля 02:30 18 кастрычніка ўкраінскі ТГ-канал «Рында мониторит» паведаміў пра рух невядомага БПЛА ў раёне вёскі Ростань Ковельскага раёна Валынскай вобласці. Ужо праз некалькі хвілін ён накіроўваўся ў бок вёскі Прыборава ў Брэсцкім раёне — гэта проста на мяжы з Польшчай.
Канал адзначаў, што пакуль дакладна невядома, з якой менавіта краіны быў ажыццёўлены запуск гэтага БПЛА.
У тыя ж суткі а 08:50 іншы беспілотнік праляцеў звыклым маршрутам праз Гомельшчыну і вылецеў у бок Чарнобыля. Яшчэ адзін — каля 21:00 па той жа траекторыі.
19 кастрычніка прыкладна а 04:10 рэактыўны беспілотнік праляцеў над Гомелем. Яго запусцілі з Бранскай вобласці, і пазней ён вылецеў ва Украіну, паведаміў «Флагштоку» маніторынгавы канал «еРадар».

Паводле канала «Рында мониторит», гэты БПЛА пралятаў над Рэчыцкім і Лоеўскім раёнамі (вёскі Пракісель і Калпень), накіроўваючыся ў Любеч Чарнігаўскай вобласці.
Такім чынам, усяго мінімум 4 расійскія беспілотнікі на дадзены момант парушылі паветраную прастору Беларусі 18–19 кастрычніка.
Тым часам штодня расійскія беспілотнікі пастаянна рухаюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, выкарыстоўваючы яе як прыкрыццё і, верагодна, «чапляючыся» за сігналы станцый беларускага мабільнага аператара.
Жыхары гомельскага памежжа рэгулярна чуюць гукі выбухаў. Верагодна, частку дронаў на гэтым участку ўкраінскім вайскоўцам удаецца збіваць, і гукі выбухаў даносяцца з суседняй тэрыторыі. Часам гэтыя гукі вельмі моцныя.