Беспілотнікі паразілі важны мост у Санкт-Пецярбургу
10- 18.10.2026, 15:55
- 35,066
Новыя падрабязнасці наступстваў паспяховай атакі.
У Санкт-Пецярбургу пасля атакі беспілотнікаў гарыць «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал».
Пра гэта паведамляе ASTRA.
Першыя падрабязнасці
Чырвоны ўзровень небяспекі з-за БПЛА ў Ленінградскай вобласці абвясцілі пасля поўначы. У той жа час жыхары вобласці і Санкт-Пецярбурга паведамлялі пра выбухі і працу СПА, а таксама скардзіліся, што ім не прыйшлі апавяшчэнні пра атаку. Чытачы ASTRA заяўлялі, што бачаць зарэва ад пажару.
OSINT-эксперт ASTRA на падставе відэа, дасланага чытачамі, устанавіў, што пажар узнік на «Пецярбургскім нафтавым тэрмінале», які знаходзіцца на паўднёвым усходзе Пецярбурга па адрасе Элеватарная пляцоўка, 32.


Згодна з сайтам кампаніі, гэта адзін з найбуйнейшых тэрміналаў па перавалцы наліўных грузаў у Балтыйскім рэгіёне. На яго тэрыторыі размешчаны 21 рэзервуар для захоўвання нафтапрадуктаў, а агульная прапускная здольнасць тэрмінала складае 12,5 мільёна тон у год.
Частковы блекаут
Акрамя таго, у Санкт-Пецярбургу атакованы ЦОД «ВКонтакте» і электрападстанцыя «Усходняя», у горадзе назіраецца частковы блекаут.
Паведамляецца пра маштабныя збоі ў сацсетцы пасля ўдару па дата-цэнтры «ВКонтакте». OSINT-эксперт ASTRA, прааналізаваўшы дасланае чытачамі відэа, пацвердзіў, што быў атакованы менавіта ЦОД, а таксама размешчаная побач падстанцыя.
Яны знаходзяцца ў вёсцы Навасяргееўка Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці на адміністрацыйнай мяжы з Санкт-Пецярбургам.
Карыстальнікі скардзяцца на сур'ёзныя збоі ў працы платформы «ВКонтакте» і звязаных з ёй сэрвісаў.
Прэс-служба кампаніі пацвердзіла атаку, але заяўляе, што сэрвісы працуюць: «На ЦОД VK у Ленінградскай вобласці здзейснена атака БПЛА. Сэрвісы VK даступныя карыстальнікам у звычайным рэжыме».
Даныя ад расійскіх уладаў
Губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў пасля паведаміў пра 126 збітых БПЛА і пацвердзіў «загаранні» на тэрыторыі «Пецярбургскага нафтавага тэрмінала».

Гарыць пецярбургскі нафтавы тэрмінал
«На дадзены момант сілы МНС ліквідуюць загаранні на аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры ў Неўскім, Краснасельскім, Чырвонагвардзейскім, Маскоўскім раёнах і на тэрыторыі «Пецярбургскага нафтавага тэрмінала». З меркаванняў бяспекі абмежаваная праца аэрапорта Пулкава. Ахвяр няма. Магчымыя перабоі ў працы мабільнага інтэрнэту», — паведаміў Бяглоў.
Пры гэтым ГУ МНС паведамляе пра двух пацярпелых падчас пажару ў Маскоўскім раёне Пецярбурга, які пачаўся ў 04:09, але не ўдакладняе, што стала прычынай пажару.
Тым часам у аэрапорце Пулкава просяць пасажыраў не прыязджаць у аэрапорт загадзя і адзначаюць, што расклад вылетаў на бягучыя суткі ўсё яшчэ карэктуецца. Раней пасажыраў і супрацоўнікаў папрасілі спусціцца ў сховішча.
Удар па мосце
Таксама адзначаецца, што БПЛА трапіў у вантовы мост праз Карабельны фарватар у Санкт-Пецярбургу.
Гэты момант быў зафіксаваны на відэа, дасланым чытачамі ASTRA. OSINT-эксперт ASTRA пацвердзіў, што выбух адбыўся на мосце праз Карабельны фарватар (афіцыйная назва). Ад моста да «Пецярбургскага нафтавага тэрмінала», які гарыць пасля атакі БПЛА, прыблізна 4,5 км.
Гэта аўтамабільны металічны вантовы мост у Санкт-Пецярбургу, які ўваходзіць у склад паўднёвай эстакады Заходняга хуткаснага дыяметра (ЗХД) — платнай аўтамагістралі, што злучае паўднёвую і паўночную часткі горада. Мост злучае Кіраўскі і Васілеастроўскі раёны, або Белы і Васілеўскі астравы.
Яго даўжыня — 622 метры, шырыня — 39 метраў (8 палос руху). Мост будавалі з 2013 года, яго адкрылі 4 снежня 2016 года.
Ступень пашкоджанняў удакладняецца.