У ЗША адбылося «цуд на Місісіпі»
- 14.11.2026, 14:07
У пятніцу, 13-га, танкер утараніў круізны лайнер.
У Нью-Арлеане на рацэ Місісіпі танкер сутыкнуўся з прышвартаваным круізным параходам. У выніку ўдару судна перакулілася і затанула, а дзесяткі чалавек апынуліся ў вадзе.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Аварыя адбылася каля паўдня ў пятніцу, 13 лістапада. Паводле слоў мэра Нью-Арлеана Гелены Морэна, танкер Atlantic Asphalt страціў кіраванне і урэзаўся ў колавы параход American Heritage, які стаяў ля прыстані.
Пасля сутыкнення круізнае судна пачало тануць, а пазней перакулілася. Пасажыры імкнуліся як мага хутчэй пакінуць борт, частка з іх апынулася ў вадзе.
INSANE: Footage shows aftermath of the Atlantic Asphalt tanker crash into the American Heritage river cruiser on the Mississippi River in New Orleans.
129 passengers were on board at the time of the crash.
This is horrifying. Pray 🙏🏻 https://t.co/WiLXHessaj
— Benny Johnson (@bennyjohnson) November 13, 2026
На месца аварыі аператыўна прыбылі работнікі порта, пажарныя і іншыя экстрэнныя службы. Да ратавання людзей далучыліся мінакі і сведкі з іншых суднаў.
Морэна назвала тое, што адбылося, «цудам на Місісіпі». Паводле яе слоў, усіх, хто знаходзіўся на борце, удалося адшукаць. У той жа час 32 пасажыры шпіталізаваныя. Сур'ёзных траўмаў, паводле папярэдніх звестак, ніхто з іх не атрымаў.
На момант аварыі на American Heritage знаходзіліся прыкладна 180–190 пасажыраў і членаў экіпажа. У той жа час, згодна з інфармацыяй на сайце кампаніі American Cruise Lines, судна разлічана на 150 пасажыраў. Яго пабудавалі ў 2015 годзе.
Паводле звестак начальніцы партовай паліцыі Мелані Монтрол, каля 87 пасажыраў паспелі выйсці на бераг яшчэ да таго, як параход перакуліўся.
Што вядома пра прычыны аварыі
Берагавая ахова ЗША пасля сутыкнення спыніла рух усіх суднаў у раёне аварыі. Прычыны інцыдэнту высвятляюцца.
Капітан Берагавой аховы Мелані Бернхэм выказала здагадку, што на танкеры магла адбыцца няспраўнасць сістэмы кіравання. Аднак канчатковых высноваў наконт абставінаў сутыкнення пакуль няма.
Кампанія American Cruise Lines заявіла, што супрацоўнічае з Берагавай аховай і мясцовымі ўладамі. Там пацвердзілі, што пасажыры і члены экіпажа былі эвакуяваныя, і выказалі занепакоенасць з-за аварыі.
На падзею таксама адрэагаваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. У паведамленні ў Truth Social ён падзякаваў Берагавай ахове, праваахоўнікам і экстрэнным службам за працу падчас выратавальнай аперацыі.
«Таксама хочам адзначыць, што ўсе праваахоўныя органы і службы экстрэннай дапамогі дзейнічалі выдатна! На здзіўленне, у выніку гэтага маштабнага сутыкнення ніхто не загінуў. 32 чалавекі знаходзяцца ў бальніцы», — напісаў ён.