29 лiстапада 2026, Нядзеля, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Бандарэнка: Перамога дэмакратаў у ЗША зменіць сітуацыю ва Украіне і Беларусі

7
Дзмітрый Бандарэнка: Перамога дэмакратаў у ЗША зменіць сітуацыю ва Украіне і Беларусі
Дзмітрый Бандарэнка

Санкцыі Грэма скончаць вайну ва Украіне.

На прамежкавых выбарах у ЗША дэмакраты атрымалі пераканаўчую перамогу, вярнуўшы кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса. Гэта сур'ёзны ўдар па палітыцы Дональда Трампа і руху MAGA.

Пра вынікі прамежкавых выбараў у ЗША сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыем Бандарэнкам.

— Ніхто не чакаў, што перамога дэмакратаў будзе настолькі разгромнай. Пад кантролем партыі будуць абедзве палаты Кангрэса. У чым сакрэт такога аглушальнага поспеху Дэмакратычнай партыі?

— Амерыканцы прагаласавалі за вяртанне да нармальнасці. Я б не сказаў, што гэта поспех менавіта партыі, а цвяроза мыслячых людзей у Амерыцы. У ЗША існуюць дэмакратычныя інстытуты, створаныя стагоддзямі, і яны зноў паказалі сваю эфектыўнасць. Спробы Трампа, які псіхалагічна з'яўляецца аўтакратам і якому сімпатычныя дыктатары, падпарадкаваць сабе Амерыку, перабудаваць яе пад сваё жаданне, праваліліся. Для Амерыкі вялікае шчасце, што яе айцы-заснавальнікі заклалі такія механізмы, стварылі Канстытуцыю, якая дазваляе народу быць пачутым і ўплываць на выбар тых, хто будзе кіраваць краінай, — ад нацыянальнага парламента да заканадаўчых сходаў і губэрнатараў штатаў.

У цэлым амерыканцы паказалі сваю адэкватнасць і правялі працу над памылкамі. Ім хапіла кароткага тэрміну, каб усвядоміць: абіраючы Трампа, частка грамадзян павялася на папулісцкія абяцанні. Але сёння мы бачым, што ЗША застаюцца найвялікшай дэмакратыяй свету.

— Што можа азначаць перамога дэмакратаў для нашага рэгіёна?

— Я спадзяюся на вяртанне да агульнай еўраатлантычнай палітыкі, якую Трамп спрабаваў разбурыць. Гэта азначае, што ўзаемадзеянне ЗША і еўрапейскіх краін у межах НАТА будзе не толькі вярнута на былы ўзровень, але, напэўна, нават узмоцнена.

Мы ведаем, што перакананыя еўраатлантысты ёсць не толькі сярод прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі. Сярод рэспубліканцаў, экспертаў, вайскоўцаў і палітычных стратэгаў вельмі шмат прыхільнікаў умацавання НАТА ў супрацьстаянні з дыктатурамі, такімі як Расія і Кітай.

Пакуль складана сказаць, якой у цэлым будзе міжнародная палітыка. Сённяшні дзень стаў стартам прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША, і пакуль мне невядома, якія дэмакраты вылучаць свае кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах праз два гады. Пры гэтым уплыў прэзідэнта Злучаных Штатаў на знешнюю палітыку велізарны. Зразумела, што Трамп ператварыўся не проста ў «кульгавую качку», а ў «хворую качку». Можна чакаць нават пачатку працэдуры імпічменту супраць яго. Цяпер Трампу будзе нашмат складаней рэалізоўваць агідныя здзелкі з Пуціным і іншымі дыктатарамі.

Не варта лічыць дэмакратаў слабакомі. Хачу нагадаць, што гістарычна прэзідэнты-дэмакраты Франклін Рузвельт і Гары Трумэн прывялі Злучаныя Штаты і ўсіх саюзнікаў да перамогі над нацысцкай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй у Другой сусветнай вайне. Ёсць падставы чакаць аднаўлення падтрымкі Украіны. Вядома, не ў тым выглядзе, у якім гэта было пры Джо Байдэне, але пазіцыя ЗША стане больш паслядоўнай у падтрымцы Кіева і супрацьстаянні агрэсіі пуцінскай Расіі.

У бліжэйшы час я чакаю, што будуць запушчаныя тыя пякельныя санкцыі супраць Расіі, якія ініцыяваў рэспубліканскі сенатар Ліндсі Грэм. Гэта першае, што можна зрабіць. Гэтыя санкцыі могуць стаць першым крокам да заканчэння вайны ва Украіне — не да імітацыі перамоў, а менавіта да яе сканчэння.

Для Беларусі выбары ў ЗША, думаю, стануць ударам па дыктатару Лукашэнку. Беларускі дыктатар псіхалагічна быў блізкі да Трампа, яны сапраўды вельмі падобныя. Але ў ЗША інстытуты спрацавалі і здолелі абмежаваць прэзідэнта ЗША. Для Лукашэнкі надыходзяць цяжкія часы і ў асабістым плане, чаму мы вельмі рады. Лічу, што змены, якія адбыліся ў Венгрыі, Сербіі і цяпер у ЗША, безумоўна, адаб'юцца на сітуацыі ў Беларусі ў лепшы бок.

— У Рэспубліканскай партыі ўжо раздаюцца галасы пра адмову ад ідэалогіі MAGA і вяртанне да спадчыны Рэйгана. Ці ёсць шанец на змены ў гэтай палітычнай сіле?

— Па сваіх перакананнях я хутчэй правы чалавек і звычайна падтрымліваю правую партыю. Калі б я жыў у ЗША, то галасаваў бы за рэспубліканцаў, але толькі не за Трампа. Сёння так парадаксальна, што я радуюся поспеху дэмакратаў. Мне здаецца, што гэты дзень стане адцверажэннем для многіх рэспубліканцаў. Яны зразумеюць, што нельга адмаўляцца ад сваіх ідэалаў дзеля часовага электаральнага поспеху. Для мяне было дзіўна, як дзясяткі або сотні мільёнаў хрысціян у Амерыцы, людзей традыцыйных поглядаў, маглі прагаласаваць за Трампа і што яны бачылі ў ім кансерватара.

На мой погляд, чалавек, які быў звязаны з шоў-бізнесам і шматлікімі скандаламі, ніяк не мог быць узорам кансерватара. У адрозненне ад таго ж Рональда Рэйгана або сенатара Джона Маккейна.

З іншага боку, думаю, што і дэмакраты зробяць пэўныя высновы. Не павінна быць вяртання да такой шалёнай гендарнай палітыкі. Правы меншасцяў мусяць быць гарантаваныя, але перагібы, якія дапускала левацкае крыло Дэмакратычнай партыі, у многім і прывялі да перамогі Трампа два гады таму. Мне здаецца, што цяпер рэспубліканцы зробяць высновы з таго, што адбылося, і падбяруць фігуры на новыя прэзідэнцкія выбары. Прынамсі, гэтыя выбары будуць вельмі цікавымі. Цікавым і дынамічным будзе перыяд не толькі ў Амерыцы, але і ва ўсім свеце ў бліжэйшыя два гады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲