ЗСУ вывелі з ладу тры вышкі-рэтранслятары ў Беларусі?
10- 9.11.2026, 14:13
- 8,362
Напярэдадні з’явіліся паведамленні пра ўдар.
Як заўважыў «Флагшток», тры перадавальныя прылады аператараў сотавай сувязі былі выведзены з ладу на поўдні Беларусі: два ў Гомельскай вобласці, адно — у Брэсцкай. Пра гэта паведаміў службовы ТГ-канал беларускага аператара сотавай сувязі Becloud. У паведамленні з паметкай «Знікла БС!» таксама пазначаны назвы ўладальнікаў-аператараў, назвы бліжэйшых геаграфічных пунктаў, іх каардынаты і рабочая частата базавых станцый — 800 МГц.
Усе вышкі знаходзяцца адносна недалёка ад мяжы з Украінай. Адна з іх — аператара A1, размешчана ў зоне адчужэння, у раёне кантрольна-прапускнога пункта Майдан Хойніцкага раёна (каля 26 км ад дзяржаўнай мяжы), другая — аператара МТС у пасёлку Слабада Лельчыцкага раёна (каля 27 км ад дзяржаўнай мяжы), трэцяя — аператара МТС у вёсцы Грушка Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці (каля 12 км).

Пазначаныя вышкі можна лічыць стратэгічнымі — раней украінскія ўлады і вайскоўцы заяўлялі, што вышкі ў прыграніччы Беларусі выкарыстоўваюцца для рэтранслявання сігналу для кіравання расійскімі БПЛА ў сумежных рэгіёнах Украіны.

Вышкі перасталі функцыянаваць паміж 21 кастрычніка і 3 лістапада. На гэты момант пра аднаўленне іх працы не паведамлялася.
Ці магла быць звязаная праца выведзеных з ладу базавых станцый з перадачай сігналу для расійскіх БПЛА, якія ляцяць уздоўж украінска-беларускай мяжы? Гэта выключаць нельга. Раней ужо былі паведамленні пра выхад з ладу перадавальных прыладаў на тэрыторыі Беларусі на адлегласці да 50 км.

Праўда, пацвердзіць эфект ад магчымага адключэння «рэтранслятараў» даволі складана. Украінскі сэрвіс маніторынгу «Трывогі» паказвае на змяншэнне сумарнага часу паветраных трывог у прыгранічным Оўручы ў канцы кастрычніка з наступным іх аднаўленнем.
Раней «Флагшток» распавядаў, што ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, якая побач са Слабадой, таксама была пашкоджана базавая станцыя МТС. Тады аператар абвяшчаў закуп, які прадугледжваў будаўніча-мантажныя работы па аднаўленні аб’екта. А напярэдадні паведамлялася пра ўкраінскі ўдар па вышцы пад Лельчыцамі без удакладнення яе каардынат.