На Гродзеншчыне шматдзетная маці выратавала чужое дзіця
- 19.10.2026, 8:10
- 1,136
Уласныя дзеці, даведаўшыся пра здарэнне, назвалі маму гераіняй.
Шматдзетная маці са Смаргоні выратавала чужое дзіця, якое сустрэла на дарозе. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Усё адбылося 14 кастрычніка, у Дзень маці. На лінію 102 патэлефанавала жыхарка раёна Алена: за 2 км ад Смаргоні яна заўважыла каля дарогі маленькага хлопчыка, які ішоў адзін. Дзіцём аказаўся чатырохгадовы Цімур.
«Я вярталася з дачкой з танцаў. За горадам убачыла на абочыне малога. Спынілася, уключыла аварыйную сігналізацыю, а ён хуткім крокам пайшоў далей. Стала зразумела, што дзіця адно, і мне стала страшна за яго», – расказала Алена.
Жанчына выйшла з машыны і загаварыла з хлопчыкам. Ён сказаў, што ідзе «да таты дадому», але адрас, прозвішча бацькоў і месца іх працы назваць не змог. У машыну садзіцца малы адмовіўся, затое моцна абняў сваю выратавальніцу. Алена выклікала хуткую дапамогу і міліцыю.
Хутка на лінію 102 патэлефанавала і мама хлопчыка: яна згубіла сына каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Смаргоні. Цімура вярнулі бацькам.
Уласныя дзеці Алены, даведаўшыся пра здарэнне, назвалі маму гераіняй. У Смаргонскім РАУС жанчыне выказалі падзяку і ўручылі грашовую прэмію за грамадзянскую адказнасць і чалавечы ўдзел.