ISW: Рэкордная атака ЗСУ паказала ўразлівасці РФ
- 19.10.2026, 7:40
- 2,498
Гэта быў найбуйнейшы ўдар з 2022 года.
Украінскія сілы нанеслі маштабны ўдар па расійскай лічбавай, энергетычнай і лагістычнай інфраструктуры ў Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці — гэта найбуйнейшая атака з 2022 года. У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) аналізуюць наступствы і тлумачаць, якія ўразлівасці расійскай абароны яна выявіла.
Як адзначаюць у ISW, украінскія Сілы абароны нанеслі ўдар па цэнтры апрацоўкі дадзеных расійскай сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» (VK) недалёка ад Санкт-Пецярбурга і сур'ёзна пашкодзілі аб'ект. Прэс-служба VK пацвердзіла факт удараў, але заявіла, што сэрвісы кампаніі працягваюць працаваць. Аднак расійскія СМІ пішуць, што пасля ўкраінскіх атак карыстальнікі скардзіліся на значныя збоі ў працы платформы.
Таксама паведамляецца пра ўдар па падстанцыі «Усходняя» (330 кВ): без электрычнасці засталіся каля 20 000 чалавек.
Акрамя таго, ЗСУ атакавалі Пецярбургскі нафтавы тэрмінал і склад маркетплэйса Ozon у Санкт-Пецярбургу, што прывяло да буйнага пажару. Яшчэ адзін удар прыйшоўся па вантавым мосце, які злучае паўночную і паўднёвую часткі горада.
У ISW падкрэсліваюць, што ўдары па Ленінградскай вобласці вылучаліся і маштабам, і шырокім спектрам паражаных мэтаў. Кампанія удараў па расійскай лічбавай інфраструктуры і цэнтрах апрацоўкі дадзеных прыводзіць да маштабных збояў у працы сэрвісаў і перабояў у электразабеспячэнні ў межах лічбавай экасістэмы Расіі.
«Гэта зноў указвае на ўразлівасці расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, якія захоўваюцца, а таксама на праблемы ў сферы кіравання войскамі», — адзначаюць аналітыкі.