Швейцарыя на рэферэндуме вырашыла не абмяжоўваць колькасць насельніцтва
2- 14.06.2026, 15:48
- 1,146
На 2025 год у краіне пражывалi 9,1 млн чалавек.
Грамадзяне Швейцарыі на рэферэндуме адхілілі прапанову абмежаваць колькасць пастаяннага насельніцтва краіны да 10 млн чалавек. Паводле дадзеных Bloomberg, супраць выказаліся 55% тых, хто галасаваў.
Ідэю «Ніякай 10-мільённай Швейцарыі! / Ініцыятыва ўстойлівасці» (Volksinitiative «Keine 10-Millionen-Schweiz! / Nachhaltigkeitsinitiative») вылучыла найбуйнейшая ў краіне правакансерватыўная Швейцарская народная партыя (SVP).
Прапанова прадугледжвала, што колькасць насельніцтва не павінна перавышаць 10 млн чалавек да 2050 года, а калі гэта адбудзецца цягам двух гадоў, Швейцарыя павінна скасаваць пагадненне аб свабодзе перамяшчэння з ЕС (дзейнічае з 2002 года). Яно надае грамадзянам Швейцарыі і краін блока ўзаемнае права пражываць і працаваць на тэрыторыі адзін аднаго пры выкананні ўсталяваных правілаў. Пры гэтым Швейцарыя не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз (ЕС) і Еўрапейскую эканамічную зону (ЕЭЗ) і будуе адносіны з Брусэлем на двухбаковай аснове.
Напрыканцы мінулага года насельніцтва Швейцарыі склала 9,1 млн чалавек. Пры гэтым у краіне па стане на 2024 год толькі каля 89 тыс. мігрантаў мелі статус бежанцаў і прасіцеляў прытулку.
Мінулагодні прагноз Федэральнага статыстычнага ўпраўлення Швейцарыі (BFS) паказаў, што краіну чакае далейшы рост насельніцтва — прыкладна да 10,5 млн чалавек да 2055 года «ў значнай ступені з-за міграцыі», у той час як нараджальнасць ніжэй за ўзровень простага ўзнаўлення насельніцтва, а натуральны прырост блізкі да нуля.