24 чэрвеня 2026, Серада, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фесенка: Восенню можа з’явіцца акно магчымасцяў

2
Уладзімір Фесенка: Восенню можа з’явіцца акно магчымасцяў
Уладзімір Фесенка

Крэмль апынецца перад выбарам.

Кіраўнік Афіса Прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Уладзімір Зяленскі даручыў яму да зімы паспрабаваць завяршыць баявыя дзеянні і пачаць перамовы.

Прэзідэнт Украіны таксама казаў, што цяпер з’явілася акно магчымасцяў для міру.

Ці бачыце вы гэта акно магчымасцяў? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фесенкам:

— Бачу акно магчымасцяў, але не цяпер, а не раней за восень. Справа ў тым, што цяпер гаворка хутчэй ідзе пра спробу аднавіць перамоўны працэс. Тое, што цяпер адбываецца, у тым ліку і даручэнне Зяленскага Буданаву, а таксама Умераву, украінскім перамоўшчыкам, звязана з тым, што перамовы на паўзе, але Зяленскі дэманструе, што ён ад іх не адмаўляецца, а хоча, каб вайна завяршылася перамоўным шляхам.

Адпаведны сігнал ён пасылае амерыканцам, таму што без ролі ЗША і асабіста Трампа аднавіць перамовы не атрымаецца. Таму тое, што цяпер адбываецца, гэтыя заявы Зяленскага — гэта, хутчэй, я б сказаў, прэлюдыя, падрыхтоўка да спробы рэанімаваць перамоўны працэс.

— Чаму вы кажаце, што не раней за восень з’явіцца акно магчымасцяў?

— На сёння, на жаль, і Буданаў, і асабліва Зяленскі гэта прызнаюць: мы бачым, што Пуцін не гатовы весці рэальныя перамовы.

Вось і ўдар па Кіеве, які быў гэтай ноччу, і папярэднія ўдары, і заява Пуціна, якую ён рабіў у Казахстане, усё гэта сведчыць пра тое, што насамрэч Крэмль робіць стаўку на вайну. Ён спадзяецца на летняе наступленне расійскай арміі, на паветраныя ўдары па Украіне, бо ў нас цяпер дэфіцыт ракетаў-перахопнікаў.

Пуцін хоча скарыстацца гэтым, таму летам найбольш верагодная спроба з боку Расіі зламаць украінскі супраціў шляхам летняга ваеннага наступлення і актывізацыі паветранай вайны супраць Украіны.

Стаўка робіцца на гэта, таму пакуль Пуцін не гатовы да рэальных перамоваў. Ён хоча альбо дабіцца ваеннай перамогі над Украінай, альбо таго, каб расійскія пазіцыі на перамовах былі ўзмоцненыя, бо цяпер яны відавочна аслабленыя. Таму летам не варта чакаць рэальных дамоўленасцяў.

Спробы аднавіць перамовы могуць быць, і Украіна іх будзе прадпрымаць, магчыма, і амерыканцы, але пасля таго, як завершыцца перамоўная эпапея з Іранам. Падкрэслю: Расія пакуль не гатовая да рэальных перамоваў. А чаму восенню можа з’явіцца акно магчымасцяў? Калі ўдасца спыніць (і для гэтага ёсць перадумовы) расійскае наступленне.

Вясной спроба наступлення Расіі правалілася. Вось у маі зафіксаваны нізкі тэмп прасоўвання расійскіх войскаў. Усяго 14 квадратных кіламетраў удалося захапіць за ўвесь месяц. Гэта найгоршы паказчык для Расіі з кастрычніка 2023-га, за два з паловай гады. Цяпер таксама Украіна знайшла вельмі эфектыўную тактыку — «мідлстрайкі», удары па блізкім тыле.

У Крыме — паліўны крызіс, агнёвым чынам перакрытая дарога Марыупаль-Крым. Б’юць па блізкіх тылах у Луганскай і Данецкай абласцях. Гэта аслабляе магчымасці для Расіі пачаць ваенныя наступленні летам.

Калі ўкраінскім войскам удасца захаваць тую тэндэнцыю, што выявілася вясной, і ўдасца замарозіць фронт, а можа нават і на некаторых участках перайсці ў контрнаступленне, гэта, вядома, можа змяніць ваенную сітуацыю. Ваенная сітуацыя і так цяпер фактычна патовая. Калі гэты патавы характар ваеннай сітуацыі захаваецца і да восені, тады ў Крамлі апынуцца перад выбарам (фактычна ўжо апынуліся): альбо перамовы, альбо эскалацыя вайны.

Калі спроба эскалацыі вайны, якая цяпер прадпрымаецца, не дасць выніку, тады патрэба ў перамовах стане больш рэальнай. Гэта першы фактар. Другі фактар — пагаршэнне ўнутранай расійскай сітуацыі.

Гэта ўжо праяўляецца. Ёсць прыкметы фінансавага крызісу. Нават падвышэнне цэн на нафту не вельмі дапамагло Крамлю.

— Гэтыя праблемы могуць падштурхнуць Пуціна да мірных перамоваў?

— Калі вайна ў Іране спыніцца і цэны на нафту пачнуць падаць, то гэта толькі пагоршыць фінансавую сітуацыю для Крамля. Калі стома ад вайны, незадаволенасць яе наступствамі, у тым ліку калі паліўны крызіс будзе не толькі ў Крыме, але пачне праяўляцца і ў Маскве, у цэнтральных рэгіёнах Расіі, тады гэта таксама можа ўзмацніць антываенныя настроі і падштурхнуць Крэмль да рэальных перамоваў.

Яшчэ адзін фактар: Зяленскі таксама кажа пра ўзмацненне санкцыйнага і палітычнага ціску на Пуціна. Гэта таксама можа спрацаваць. Хаця мы бачым, што прамы ціск на Пуціна не дае выніку.

Вось тут я больш раблю стаўку на тое, што Трамп можа крыху змяніць свае падыходы, і яго адміністрацыя таксама. Яны могуць цяпер рабіць стаўку не на перамовы па Данбасе, як гэта было раней. Гэтыя перамовы зайшлі ў тупік. Яны могуць зрабіць стаўку на перамовы аб спыненні агню. То бок прасоўваць менавіта гэтую ідэю.

Калі яны будуць прасоўваць менавіта такі падыход — пачынаць са спынення агню, можа паэтапнага, сектаральнага, напрыклад, спынення паветранай вайны або спынення ўдараў па энергетыцы. Гэта цалкам магчыма. Таму калі Трамп будзе актыўна прасоўваць такія падыходы, і Пуцін з прычыны ўнутраных абставін і тупіку ў вайне прыме такі падыход, тады з’явіцца тое самае акно магчымасцяў.

Чаму яшчэ восень — таксама важны момант: у лістападзе прамежкавыя выбары ў Кангрэс ЗША, таму ў Кіеве вельмі спадзяюцца, што Трамп актывізуе свае перамоўныя намаганні якраз напрыканцы лета — на пачатку восені. Для яго атрымаць дыпламатычную перамогу, завяршыўшы расійска-ўкраінскую вайну, было б выгадна, і гэта адпавядала б інтарэсам Украіны, калі такое завяршэнне будзе на кампрамісных асновах.

— Выданне South Morning Post піша, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папрасіў кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб той вярнуўся за стол перамоваў. Ці можа Пекін паўплываць на Крэмль?

— Глядзіце, гэта напісала вядомая газета з Ганконга, але гэта відавочна ўцечка з Пекіна, дзе паказана, які нібыта вялікі Сі Цзіньпін, што сам Трамп просіць яго аб заканчэнні вайны. У гэтым сэнс гэтай публікацыі. Трамп некалькі разоў звяртаўся да Сі Цзіньпіна, пра гэта, можа, ужо забылі. Тут няма ніякай сенсацыі.

Яшчэ калі Трамп быў абраны прэзідэнтам, у снежні 2024 года, ён ужо публічна пісаў у сваёй сацыяльнай сетцы, звяртаючыся да Сі Цзіньпіна, што трэба супольна дапамагчы завяршыць вайну ва Украіне. Потым яшчэ некалькі разоў былі такія звароты публічна — гэта не ўцечкі, як цяпер.

Бо ні Трамп, ні Сі Цзіньпін нічога не сказалі пра тое, як яны абмяркоўвалі расійска-ўкраінскую вайну, проста абмяркоўвалі — і ўсё, не больш за тое. А вось звароты Трампа сапраўды былі, і не толькі Трампа — Макрон звяртаўся да Сі Цзіньпіна, і што? Нічога. Сі Цзіньпін не ўмешваецца ў гэтую вайну, як і не ўмешваецца ў перамоўны працэс.

Ён не будзе дапамагаць Трампу і амерыканцам. Бо навошта? Трамп — геапалітычны канкурэнт, навошта яму дапамагаць? Таму — не. Кітай, калі і будзе актыўна ўдзельнічаць у перамоўным працэсе, дык толькі тады, калі там не будзе амерыканцаў, або калі яны будуць разумець, што існуе рэальная магчымасць завяршэння вайны і менавіта Кітай можа выступіць у ролі фінальнага вырашальнага фактара.

Пакуль такой сітуацыі няма, таму роля Кітая ў дадзеным выпадку дакладна не будзе вызначальнай. Пакуль роля першай скрыпкі і галоўнага мадэратара ў перамоўным працэсе застаецца за Злучанымі Штатамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках