24 чэрвеня 2026, Серада, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы пасол Польшчы ў Беларусі: Лукашэнка гэтага баіцца

3
Былы пасол Польшчы ў Беларусі: Лукашэнка гэтага баіцца
Марыюш Машкевіч

Латвіі, Літве і Польшчы патрэбная адзіная стратэгія адносна Беларусі.

Польскі дыпламат, пасол у Беларусі (1998–2002), прафесар Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага Марыюш Машкевіч лічыць, што Лукашэнка сапраўды можа прадаставіць тэрыторыю нашай краіны для новай агрэсіі супраць Украіны.

Пра гэта і не толькі Марыюш Машкевіч распавёў у інтэрв’ю сайту Charter97.org:

— Я восем гадоў працаваў у Беларусі і вельмі добра ведаю Лукашэнку. Беларускі дыктатар баіцца Пуціна. У іх не вельмі добрыя і зусім не сяброўскія адносіны, хоць яны робяць выгляд, што нармальна камунікуюць.

Гэта падобна да сітуацыі ў СНД, куды ўваходзіць і Беларусь. Там кіраўнікі краін проста ненавідзяць адзін аднаго і ўвесь час чакаюць чарговага ўдару ад Пуціна. Там няма адкрытасці ў адносінах. Я думаю, Лукашэнка можа апынуцца пад ціскам Пуціна і зрабіць нейкі крок на карысць расійскай арміі, гэта магчыма. Таму ўкраінцы маюць рацыю, што рыхтуюцца да такога нечаканага ўдару з поўначы.

— Рэжым Лукашэнкі быў вымушаны вызваліць Анджэя Пачобута. Як гэта мяняе адносіны афіцыйнай Польшчы з Мінскам? Ці будзе Варшава працягваць жорсткую лінію супраць дыктатара?

— Я цяпер не займаю ніякай пасады ў дзяржаўных структурах, але спадзяюся, што ніхто з высокіх польскіх чыноўнікаў або людзей, якія займаюцца адносінамі з Беларуссю, не будзе ўспрымаць гэты крок дыктатара сур’ёзна, як нейкі пераломны і істотны момант. Гэта проста таргі Лукашэнкі з амерыканцамі, якія пачаліся дзякуючы прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.

Мы атрымалі магчымасць прыняць на нейкі час Анджэя Пачобута, каб ён прыйшоў у сябе і аднавіў здароўе. І гэта шчасце, што Анджэй нарэшце згадзіўся на нейкі час пакінуць тэрыторыю Беларусі. Ён будзе вяртацца, ён пра гэта кажа ўголас.

Але тут няма ніякага сур’ёзнага элемента змены стаўлення Польшчы да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Спадзяюся, што ніхто сур’ёзна не ўспрымае гэты крок дыктатара.

— Рэжым Лукашэнкі амаль спыніў гібрыдныя атакі мігрантамі на мяжы з Польшчай, але ўзмацніў ціск на краіны Балтыі. Што гэта азначае?

— Як вы памятаеце, у 2021 годзе, у самым пачатку міграцыйнага крызісу, рэжым Лукашэнкі спачатку прашчупваў рэакцыю суседзяў. Тады ціск мігрантамі быў накіраваны перадусім на Літву і Латвію, а Польшча яшчэ не была наўпрост закранута.

Я тады быў у Грузіі і назіраў за гэтым працэсам. Лукашэнка яшчэ 20 гадоў таму рабіў падобныя заявы. Для яго гэта як ядзерная зброя: «Я вам дашлю мігрантаў — паглядзіце». Гэта было даўняе абяцанне Лукашэнкі. Гэта проста яго апошняя тузовая карта, і ён вырашыў яе выкарыстаць.

Потым гэта пачалося і супраць Польшчы. Цяпер сітуацыя зноў змяняецца. Тое самае адбываецца з метэазондамі, якія запускаюць з Беларусі. Я лічу, што нам не такая важная ўнутраная практыка рэжыму. Важна іншае: трэба трымацца разам — трем суседзям, Латвіі, Літве і Польшчы, — і прытрымлівацца адной стратэгіі.

Калі Польшча закрывае мяжу для транспарту, асабліва гандлёвага, гэта для Лукашэнкі вельмі адчувальна. Для яго важны гандаль. Думаю, ён баіцца, што мы зноў закрыем гэтыя памежныя пераходы і перакрыем магчымасць экспарту. Ціск на Літву і Латвію, магчыма, звязаны з расійскімі манеўрамі і планамі магчымай агрэсіі. Але цяпер цяжка сказаць дакладна: я проста не займаюся гэтым пытаннем настолькі падрабязна.

— Выведкі многіх краін папярэджваюць, што Пуцін можа рыхтаваць напад на краіны Балтыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Наколькі верагодны такі сцэнар і як у гэтым выпадку будзе дзейнічаць Польшча?

— Добрае пытанне. Я б таксама задаў яго тым людзям, якія вырашаюць такія палітычныя і лагістычныя пытанні ў момант крызісу.

Я хацеў бы, каб на любую агрэсію з боку РФ быў імгненны адказ. Каб рэакцыя Польшчы, як і іншых краін НАТА, у выпадку нападу на краіны Балтыі — на Літву, Латвію або Эстонію — была імгненнай.

На шчасце, у нас ёсць тэхнічная магчымасць. Маецца на ўвазе авіяцыя НАТА, якая абараняе неба над Вільняй, Рыгай і Талінам. Спадзяюся, гэта пагроза для расіян відавочная, і яны двойчы-тройчы падумаюць, перш чым зрабіць такі крок.

Вядома, у іх ёсць апетыт падражніць НАТА або праверыць стойкасць Альянсу. У РФ ёсць апетыт на тое, каб прарэзаць нешта, звязанае з так званым Сувалкскім калідорам або калідорам у бок Калінінграда. У Крамля ёсць надзея, што, магчыма, удасца нешта выйграць, убачыўшы слабасць або момант вагання.

Але я лічу, што гэтага не будзе. Краіны Балтыі — нашы саюзнікі па Альянсе — павінны штодня адчуваць, што ўвесь Альянс, уся Еўропа, фактычна ўвесь саюз стаіць за іх плячыма.

— Вы выдаеце часопіс «Free Belarus Journal». Раскажыце пра яго: пра што гэты праект і чаму сёння важна гаварыць пра Беларусь менавіта ў Польшчы?

— Так, гэты праект называецца «Free Belarus Journal». Гэта такая ідэя — акумуляваць і збіраць экспертныя меркаванні, экспертныя і акадэмічныя артыкулы, звязаныя з будучыняй Беларусі.

Я маю на ўвазе, што экспертам і навукоўцам неабавязкова займацца толькі бягучай палітыкай. Важней больш думаць пра тое, як пабудаваць сваю радзіму ў момант, калі гэта будзе магчыма. «The day after» — дзень пасля Лукашэнкі. Гэта канстытуцыйныя пытанні, пытанні камунікацыі, пэўнага асэнсавання, канцэпцыі развіцця краіны.

Гэта акадэмічны часопіс у межах Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандра Мілінкевіча. Я проста вырашыў яму дапамагчы. Я не грамадзянін Беларусі, але дапамагаю маім беларускім сябрам арганізоўваць дэбаты і стратэгічнае мысленне пра сваю краіну.

Я быў бы вельмі рады, калі б змог на ўласныя вочы ўбачыць перамены ў Беларусі, змяненне рэжыму і вольную краіну, якая з’яўляецца добрым суседам Польшчы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках