Апошнія секунды палёту: як разбіўся мотадэльтаплан пад Мінскам
6- 20.04.2026, 12:02
- 10,880
Сябар пілота растлумачыў, што адбылося ў паветры перад падзеннем.
Навіна пра падзенне мотадэльтаплана каля вёскі Азярцо пад Мінскам узрушыла ўсю краіну. У экспертаў сваё меркаванне, у інтэрнэце — іншае.
Пра тое, як маглі прайсці апошнія хвіліны палёту 45-гадовага інструктара і яго 26-гадовай пасажыркі, расказалі ў эфіры СТВ.
За штурвалам быў Руслан Іваноў — інструктар з вялікім стажам. На мотадэльтаплане ён мог узнімацца ў неба да 30 разоў за змену.

Таццяна Палянская была яго першай пасажыркай у той злашчасны дзень. Па сацсетках бачна, што дзяўчына любіла актыўны адпачынак, займалася спортам. Вось і тады прыйшла па новыя ўражанні.
Блізкі сябар загінулага пілота Сяргей Лапкоўскі сам змог аднавіць храналогію апошняга палёту, пагутарыўшы з відавочцамі.
«Найскладанейшы, кажуць, — ўзлёт. Першыя 100 м. Калі яны пройдзены, то ўсё выдатна. Яны ўзляцелі на 50 м. І ў пэўны момант трапілі ў цёплы паток, які ўтварае бурбалку, што выпхнула крыло, і судна пачало нахіляцца на 90°», — распавядае Сяргей.

Апынуўшыся ў такой сітуацыі, Руслан павёў сябе як вопытны пілот: цалкам узяў крыло на сябе, каб выраўняць, і ў яго гэта амаль атрымалася.
«І як толькі яны выраўнаваліся, ад гэтага патоку адно з крылаў зламалася. І яны пачалі пікіраваць уніз. І на другім абароце ад ціску вырвала рамяні — у Руслана бакавыя — левы і правы — былі разарваныя. І ён выпаў. А дзяўчына прыкладна праз сем секунд ужо пікіравала без пілота», — патлумачыў сябар Руслана.
Следчыя пакуль не могуць назваць дакладную прычыну таго, што адбылося. Папярэдняя версія — пілот не справіўся з кіраваннем.