Ці адважыцца Пуцін на гэта
10- Дзмітрый Кулеба
- 10.06.2026, 11:55
- 12,308
Пра два нявырашаных пытанні гэтай вайны.
Адносна вала публікацый пра пералом у вайне, накшталт таго, што Украіна перамагае. Гэта інфармацыйны каскад, калі ўсе пачынаюць спаборнічаць. Мы ж жывём у эканоміцы ўвагі — усе спаборнічаюць за ўвагу. І вось хтосьці нешта напісаў — адразу падхапілі, а цяпер я напішу нешта супрацьлеглае, каб перацягнуць увагу на сябе. Людзі бягуць наперад бацькі ў пекла. З адной простай прычыны. Я вельмі не хачу быць занудам, які сядзіць і перашкаджае людзям радавацца, але, па-першае, у лістападзе мы з вамі вернемся да размовы пра тое, як нам усім перажыць зіму.
Па-другое, ніколі ў чалавечай гісторыі не было такога, каб паваротныя кропкі вайны вызначаліся ў момант, калі нешта адбываецца. Няўжо ў Сталінградзе пасля вызвалення горада Жукаў прыйшоў да Сталіна і далажыў яму пра паваротны момант у вайне? Ці Манштэйн патэлефанаваў Гітлеру і сказаў: «Таварыш Гітлер, выбачайце, адбыўся паваротны момант у вайне, праз два гады Берлін упадзе?» Гэта лухта.
Гэта ўсё пагоня за тым, каб знайсці мацнейшы вобраз, аргумент, каб пераканаць. Усе паваротныя моманты вызначаюцца рэтраспектыўна. Большасць войнаў атрымліваюць свае назвы праз дзесяцігоддзі пасля таго, як яны скончыліся. Бо Першая сусветная вайна не была Першай сусветнай вайной у вачах сучаснікаў. Таму ўсе фразы пра тое, што адбыўся паваротны момант у вайне, што Украіна ўсё разгарнула ў іншы бок і цяпер дабяжыць да Крамля, — гэта ўсё лухта.
Я разумею, што для псіхікі каго-небудзь з гледачоў, слухачоў, чытачоў гэта вельмі карысная гісторыя. Тут я згодны: калі людзям становіцца лягчэй жыць — калі ласка, слухайце, чытайце. Але трэба захоўваць халодны розум. Я за тое, каб мы думалі галавой.
Сёння мы сапраўды стабілізавалі ціск Расіі на Украіну і пры гэтым знайшлі спосаб павысіць ціск Украіны на Расію. Усё, нічога больш не адбылося. Ці з’яўляецца гэта паваротным момантам вайны, мы зможам сказаць не раней як праз год-два, у залежнасці ад інтэнсіўнасці канфлікту.
Таму я б цяпер моцна не захапляўся. Але тое, што сітуацыя сёння фактычна лепшая, чым паўгода таму, трэба прызнаць. А вось ці стане яна яшчэ лепшай праз шэсць месяцаў — адкрытае пытанне.
Нядаўна я паглядзеў відэа: Fire Point выпрабавала балістычную ракету і сказала, што яны будуць біць па Маскве. Адзінае нявырашанае пытанне нашай вайны: ці будзе балістыка Fire Point далятаць да Масквы і ці адважыцца потым Пуцін на выкарыстанне ядзернай зброі. У прынцыпе, нейкіх іншых пытанняў пра нашу вайну, на якія няма адказу, у мяне асабіста няма. Гэтыя два пытанні ёсць.
Калі мы створым балістычную праграму, якая насамрэч будзе ўяўляць пагрозу Маскве і буйным расійскім гарадам, гэта прымусіць Пуціна зрабіць наступны крок. А што ён будзе рабіць, які зробіць наступны крок — гэта ўжо іншае пытанне.
Дзмітрый Кулеба, New Voice