Самы карыкатурны злачынец Слоніма скончыў свой шлях у мясным штурме на Данбасе
8- 17.04.2026, 8:58
- 6,208
Фота: Аднакласнікі
Ваяваў пад пазыўным «Музыкант», але нядоўга.
У вайне на баку Расіі загінуў чарговы беларус — Андрэй Дарашкевіч. У родным горадзе Дарашкевіч стаў вядомы сваімі карыкатурнымі крымінальнымі прыгодамі, піша udf.
Андрэй Дарашкевіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў Слоніме і жыў там жа.
Андрэя нельга назваць злосным бандытам, хоць у родным горадзе вядомасць да яго прыйшла праз карыкатурныя абставіны злачынстваў, якія ён учыняў без карыслівай зацікаўленасці. Проста кожны раз не шанцавала.
Першую крымінальную справу Дарашкевіч у сярэдзіне 2000-х зарабіў так: выпіваў у кампаніі каля моладзевага цэнтра, сцягнуў у сабутэльніка ключы ад машыны і паехаў пакатацца, пакуль ніхто не заўважыў. Машыну планаваў вярнуць. Але не справіўся з кіраваннем, разбіў аўто і ўцёк.
Першая няўдача не пахістанула любоў Дарашкевіча да хуткай язды на чужых машынах, а навучыла толькі таму, што да справы трэба лепш рыхтавацца, каб не стаць відавочным падазраваным.

І вось менш чым праз два гады Дарашкевіч збіў замок з гаража санаторна-лясной школы, каб сесці за руль казённага ВАЗа.
Справа адбывалася ноччу. Дарашкевіч збіраўся вярнуць машыну, але зноў не справіўся з кіраваннем, зноў разбіў аўто і зноў уцёк.
Што яшчэ адбывалася ў жыцці слонімчаніна? Папрацаваў на мясцовай «Альбярціне», ажаніўся, завёў разам з ёй акаўнт на дваіх у «Аднакласніках». А ў выніку паехаў у Расію.

Далейшыя падрабязнасці лёсу Дарашкевіча невядомыя. Вядомы толькі фінал гісторыі — больш катацца на чужых машынах ён не будзе. Улетку 2025 года ён загінуў у раёне Часава Яра ва Украіне, быў штурмавіком у расійскай вайсковай часці 01591.
Ваяваў пад пазыўным «Музыкант», але нядоўга.