У Беларусь ідзе рэзкая змена надвор'я
4- 17.04.2026, 9:25
- 2,974
Калі самыя халодныя ночы красавіка?
Свежыя даныя заходніх сіноптычных мадэляў паказваюць, што вясна-2026 у Беларусі не будзе выключна цёплай і не будзе адрознівацца стабільным, паступовым пацяпленнем. Пасля тыдня камфортнага, сонечнага надвор'я на гарызонце зноў замаячыла пахаладанне, прытым даволі адчувальнае. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, ужо на наступным тыдні варта рыхтавацца да самых халодных начэй другой паловы красавіка, піша «Тэлеграф».
Як патлумачылі аўтары Telegram-канала пра надвор'е @nadvorie, прычынай будучага пахаладання стане змена метэаралагічнай абстаноўкі над паўночнай Атлантыкай. Так, мадэль Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я (ECMWF) прагназуе ў гэтым рэгіёне фармаванне вышыннага грэбеня, што, наадварот, прывядзе да паглыблення вышыннай лагчыны над поўначчу Еўрапейскага кантынента.
У выніку, пад грэбенем у прыземным слоі з цэнтрам у раёне Ісландыі, паводле разлікаў спецыялістаў, сфармуецца абшарны малаварухомы антыцыклон. З ім на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пачне паступаць больш халоднае паветра з поўначы Еўропы, месцамі — з арктычнага ўзбярэжжа Скандынавіі або Расіі.
«Прагноз тэмпературы ў ніжнім слоі трапасферы паказвае, што вось лагчыны холаду зрушыцца на тэрыторыю Беларусі да вечара 19 красавіка. Найбольш халодныя ночы чакаюцца 21–22 красавіка, калі ў рэгіён паступіць паветра з анамаліяй тэмпературы каля −6…−9° на ўзроўні 850 гПа», — падзяліліся сваімі разлікамі эксперты.
У выніку, паводле папярэдніх даных, апошняя дэкада красавіка для Беларусі будзе ў сярэднім на 1–3° халадней за норму (для красавіка, паводле звестак Белгідрамета, яна складае +7,8°С).
«Гэта не надта моцна, але адчувальна», — ацанілі будучае пахаладанне аўтары канала.