Вызначаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца
- 8.11.2026, 9:19
Але іх імёны не назвалі.
7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску былі абвешчаныя пераможцы 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Журы прысудзіла першае і другое месцы працам, прадстаўленым на конкурс у зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы гэтых кніг пакуль не агалошваюцца, піша сайт Беларускага ПЭН-цэнтра.
Першае месца заняла кніга, аўтар якой быў вымушаны прыдумаць для конкурсу псеўданім Аляксандр Касцюковіч і ненасапраўдную назву «Лірнік». Журы адзначыла кнігу «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».
Другое месца заняла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой удзельнічаў пад псеўданімам Сяргей Дубоўцэвіч. Твор удастоілі ўзнагароды «за сінтэз дакументальнага і мастацкага жанраў і плённае развіццё беларускай даследніцкай прозы».
Трэцяе месца заняў раман «Пентаквант» (кнігі 1 і 2) Арцёма Шуканава — «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, што пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».
Конкурс гэтага года стаў яшчэ адным доказам таго, што беларуская літаратура працягвае развівацца нават ва ўмовах, калі шлях да чытачоў можа быць звязаны з рызыкамі і перашкодамі, адзначаюць у арганізацыі,
— Сучасная беларуская кніга — гэта больш, чым проста кніга. У звычайных умовах яе напісанне, выданне і пошук чытача — гэта часткі аднаго літаратурнага працэсу. У Беларусі кожны з гэтых этапаў патрабуе вялікіх намаганняў. Таму кожная кніга, якая ўсё яшчэ даходзіць да чытача, — гэта свайго кшталту подзвіг. А чытач, які шукае і знаходзіць яе, дапамагае беларускай мове заставацца жывой і дазваляе нам размаўляць адзін з адным, — адзначыла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Нагадаем, прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года і лічыцца найважнейшай незалежнай літаратурнай прэміяй у Беларусі. Яна арганізавана Беларускім ПЭН-цэнтрам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Прэмія названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які выступаў за добрасуседскія адносіны паміж Польшчай і Беларуссю.