6 лiстапада 2026, Пятніца, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі знайшлі «жывы выкапень»

У Беларусі знайшлі «жывы выкапень»
Фота: web-zoopark.ru

Гэты звер не змяніўся за 8 мільёнаў гадоў.

Рускі выхухаль у Беларусі лічыўся зніклым з 1990-х, але ў пачатку кастрычніка вучоныя выявілі сляды звярка у пойме ракі Сож. Разам з вядучай навуковай супрацоўніцай НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Ірынай Крышчук журналісты smartpress.by разбіраліся, з-за чаго выхухаль не эвалюцыянуе і выглядае так жа, як 8 мільёнаў гадоў таму, і чаму яго вяртанне ў нашу краіну такое важнае.

Шукалі ў поймах трох рэк, але знайшлі толькі ў адной

Навіна пра вяртанне выхухаля ў нашу фаўну стала ў пэўным сэнсе сенсацыйнай. Бо звярка ў нас не сустракалі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.

– Мы з калегамі з Расіі, экспертамі з Акскага дзяржаўнага прыроднага біясфернага запаведніка Аляксандрам і Марыяй Ануфрыеня, абследавалі вадаёмы Іпуці, Сожа і Пцічы, – распавядае Ірына Крышчук. – У пойме ракі Сож, абследаваўшы 42 вадаёмы, выявілі сляды жыццядзейнасці звяркоў у выглядзе кормавых столікаў і траншэй, якія тыя пастаянна рыюць да сваіх нор. Таксама знайшлі некалькі дзясяткаў жылых нор.

Аднак самога звярка вучоным убачыць не ўдалося. Утім, гэта не дзіўна: выхухалі вельмі асцярожныя і скрытныя.

«Жывы выкапень»: чаму выхухаль не эвалюцыянуе?

Рускі выхухаль – адзін з найстаражытнейшых млекакормячых Еўропы. Від застаецца нязменным каля 8 млн гадоў, а сама гісторыя выхухаля сягае яшчэ далей. Гэтыя жывёлы з’явіліся на планеце каля 30 млн гадоў таму.

– Выхухаль выбраў сабе для жыцця вельмі вузкую нішу паміж пойменнымі вадаёмамі і падземнымі норамі, – звяртае ўвагу заолаг. – І той воблік, які сфарміраваўся ў яго ў старажытнасці, аказаўся аптымальным. Ён жыў і жыве ў вадаёмах са стабільным гідралагічным рэжымам, дзе дастаткова ежы і адсутнічаюць больш буйныя канкурэнты-насякомаедныя. Яму не было патрэбы змяняцца. Тым больш, усе асаблівасці знешнасці віду функцыянальна абгрунтаваныя. Падземны і падводны лад жыцця робіць неабходнай наяўнасць задніх лап-ласт з валасінкамі і перапонкамі, сваерадных «вёслаў», якія дазваляюць добра грэбці ў вадзе.

Пярэднія лапы, як у кротаў, прыстасаваныя да рыцця: выхухаль «сваімі рукамі» будуе ў берагах падводныя галерэі, у якіх праводзіць большую частку жыцця.

Асаблівая роля ў носа-хобатка: гэта, у першую чаргу, навігатар. У выхухаляў праз пастаяннае знаходжанне ў цемры зрок развіты слаба, і нос гэта кампенсуе. З дапамогай хобатка яны захопліваюць ежу, «скануюць» дно пры перасоўванні. Дзякуючы гэтаму ў галаве звярка ствараецца «3D-выява» таго, што адбываецца вакол. Арганы Эйсмера – адчувальныя рэцэптары на хобатку – дапамагаюць выхухалю знаходзіць корм: вадных малюскаў або, калі іх бракуе, раслінныя рэшткі.

Сеткі, плаціны, засуха: што губіць выхухаляў?

Папуляцыя выхухаля скарачаецца ва ўсім свеце. У 2020 годзе яна ацэньвалася ўсяго ў 6 тысяч асобін.

– З чалавечых вынаходніцтваў нумарам адзін па смяротнасці для рускіх выхухалёў можна назваць рыбалоўныя сеткі: менавіта яны сталі прычынай гібелі большай часткі папуляцыі віду ў Расіі, – канстатуе вучоная. – Гэта жывёла – млекакормячае, дыхае лёгкімі і мае патрэбу ў кіслародзе. Трапляючы ў сетку, зверак заблытваецца і праз некалькі хвілін гіне ад асфіксіі.

Асушэнне балот і будаўніцтва плацін таксама не мінаюць для выхухалёў бясследна. Адбываецца змена асяроддзя існавання: альбо затапленне звыклых вадаёмаў, альбо, наадварот, асушэнне. Але небяспечныя для віду не толькі прамыя дзеянні чалавека.

– Сучаснае змяненне клімату правакуе высыханне вадаёмаў, яны зарастаюць шчыльнымі дыванамі водных раслін тэлярэзаў, якія блакуюць выхады з норак звяркоў, – дадае Ірына Крышчук. – Да таго ж павышэнне тэмпературы паветра вядзе да нагрэву вады, а гэта багата гібеллю бесхрыбтовых, якія ў ёй жывуць, у тым ліку асноўнага корму выхухалёў – малюскаў.

Эксперт звяртае ўвагу: калі падае ўзровень вады, уваходы ў норы апынаюцца на паверхні, і звяркі становяцца больш уразлівымі. Выхухаль мала рухомы, на сушы перамяшчаецца няўклюдна і дрэнна бачыць, а каб знайсці камфортныя ўмовы, яму даводзіцца пераходзіць у іншы вадаём. Па дарозе ён становіцца лёгкай здабычай для драпежнікаў.

– Ён мае мускусныя залозы і выдзяляе не самы прыемны пах, калі яму страшна або трэба пазначыць тэрыторыю, і гэта адштурхоўвае драпежных млекакормячых, – кажа эксперт. – Але хутчэй ад таго, каб яго з’есці, а не ад таго, каб яго забіць.

І як з такой ступенню ўразлівасці рэліктавы зверак здолеў перажыць ледавіковы перыяд?

– Ледавік адступаў паступова, у працэсе захоўваліся рэфугіумы – участкі з прыдатнымі ўмовамі для таго, каб перажыць неспрыяльную абстаноўку вакол, – тлумачыць заолаг. – Для выхухаля такімі прыстанішчамі сталі, напрыклад, глыбокія азёры, якія не прамярзалі і мелі дастаткова корму.

Аб’ядноўваюцца, каб перажыць цяжкія часы

Як і іншыя млекакормячыя, гэтыя звяркі цікавыя сваімі сацыяльнымі паводзінамі. Напрыклад, яны выкарыстоўваюць мускусныя залозы як свайго кшталту «парфум», які дапамагае прыцягваць супрацьлеглы пол. Для тых жа мэтаў выхухалі дэманструюць свае вакальныя здольнасці: яны здольныя выдаваць розныя гукі ад «муркатання» да «істэрычнага» піску. Некаторыя правілы паводзін жывёл падобныя на чалавечыя.

– Выхухалі манагамныя: пары фармуюцца на перыяд размнажэння, – дзеліцца тонкасцямі Ірына Крышчук. – Самец доўга застаецца з самкай, і калі тая пакідае дзіцянят, каб падсілкавацца, тата прыглядае за малымі і сагравае іх сваім целам.

Эксперт адзначае, што для выхухалёў характэрныя калектыўныя паводзіны. Хаця звычайна яны даволі агрэсіўныя адзін да аднаго, падчас паводак або іншых нестандартных сітуацый зусім чужыя асобы аб’ядноўваюцца, перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў адной норы, саграваюць адно аднаго і не канфліктуюць.

Можа, нам варта завезці выхухаляў з Расіі?

Хоць рускі выхухаль – від паўсюдна рэдкі, у суседняй Расіі дзякуючы спецыяльным праграмам удалося павялічыць папуляцыю. Дык чаму б нам не ўзяць асобін адтуль, каб распаўсюдзіць іх у Беларусі?

– Тэарэтычна гэта магчыма, – кажа Ірына. – Але навошта, калі мы ўжо знайшлі папуляцыю ў сябе, якую проста трэба захаваць? Бо выхухалі вельмі цяжка пераносяць перавозку, даволі часта яны проста гінуць, так і не даехаўшы да месца прызначэння.

Золаг звяртае ўвагу: выхухаля не сустрэнеш у заапарках. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Жывёла зусім не выносіць штучных умоў.

– Хаця звяркі могуць жыць у няволі, калі там адноўлена натуральнае асяроддзе: у Расіі ёсць пітомнік, дзе самец пражыў да 8 гадоў, – дадае эксперт. – Але да размнажэння жыхары пітомніка так і не прыступілі. Да гэтага спецыялісты заўважылі, што падчас паводкі ў прыродных умовах адбыўся ўсплёск размнажэння выхухалёў і вырашылі ўзнавіць такую сітуацыю. Затапілі норы ў пітомніку, але правакацыя аказалася беспаспяховай.

«Нефатагенічнасць» і невядомасць: чаму выхухаль знік незаўважна?

Ёсць віды, за якія актыўна змагаюцца. У Беларусі калісьці зуброў ратавалі, як кажуць, усім светам. Людзі з усяго свету перажываюць за панд, якія раней знаходзіліся пад пагрозай знікнення. Але мала хто з абывацеляў у прынцыпе задумваўся пра выхухаляў, і наўрад ці многія ведалі, што ён жыў у нашай краіне, а потым знік.

– У выхухаля няма медыйнага вобраза, – канстатуе вучоная. – Зубр або тыя ж панды, каалы – буйныя, іх можна ўбачыць, сфатаграфаваць у розных ракурсах. Гэтыя віды «фатагенічныя», і іх лёгка прасоўваць. А выхухаль дзіўна выглядае, вядзе скрытны лад жыцця, не трапляецца на вочы. Ды і само слова «выхухаль» абрасла рознымі дадатковымі і не самымі прыемнымі значэннямі. Можна сказаць, звярку не хапіла «публічнасці».

Навошта ўвогуле нам выхухаль?

Тое, што зніклы від зноў выявілі ў Беларусі, ужо назвалі сенсацыяй у маштабах нашай краіны. Але ў чым канкрэтна каштоўнасць знаходкі, ці ёсць ад звярка карысць?

Паводле слоў заолага, выхухаль – гэта біёіндыкатар і прыродны інжынер для водных экасістэм. Ён рыє траншэі і норы, падымае глей, аэруе ваду, дапамагаючы ствараць прыдатныя ўмовы для росту водных раслін, і рэгулюе колькасць водных бесхрыбтовых.

– Гэта даволі рэдкі від ва ўсім свеце, – падкрэслівае эксперт. – І для нашай краіны яго страта – страта для біяразнастайнасці. Таму важна захаваць выхухаля, тым больш нашы вадаёмы для яго выдатна падыходзяць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲