Відэа з Кракава: нападнік урэзаецца ў аўтамабіль, выходзіць і яго затрымліваюць
2- 8.11.2026, 9:16
- 7,956
Адна з камер зафіксавала ўсю паслядоўнасць падзей.
Адна з камер у Кракаве запісала момант, калі нападнік на скрыжаванні урэзаецца ў аўтамабіль, затым выходзіць са сваёй машыны і страляе ў паліцэйскіх, якія ехалі за ім, паведамляе TVN24.
Запісалася ўся паслядоўнасць падзей, аж да моманту, калі адзін з параненых паліцэйскіх трапляе ў нападніка.
Відэа паказвае фінал трагедыі, якая адбылася ў Кракаве ў другой палове дня. Нападнік, які раней страляў па выпадковых людзях на Галоўнай Рынкавай плошчы, пачаў уцякаць ад паліцыі. На скрыжаванні вуліц Страдомскай і Дытля ён не здолеў праехаць паміж рамонтнымі агароджамі і аўтамабілямі, што стаялі на святлафоры, і ўрэзаўся ў адзін з іх.
New CCTV video shows the Polish police officer shooting the attacker after having been shot himself.
He managed to get up to his feet, shot the attacker several times and passed out from his own wounds.
A true hero https://t.co/FrfAeBb3mY
— Visegrád 24 (@visegrad24) November 7, 2026
Гэта не дазволіла яму працягнуць рух. Паліцэйскія, якія яго пераследавалі, спынілі патрульны аўтамабіль і выйшлі з яго са зброяй напагатове. Нападнік таксама выйшаў з машыны, і пачалася перастрэлька. Абодва паліцэйскія былі параненыя, але адзін з іх у апошні момант трапіў у нападніка.
На іншым відэа бачна працяг падзей. Паранены паліцэйскі падымаецца, падыходзіць да нападніка і некалькі разоў страляе ў яго з блізкай адлегласці, а потым апускаецца на калені і кладзецца на зямлю.
Абодва паліцэйскія цяжка параненыя і знаходзяцца ў бальніцы.
Прэм’ер пра паліцэйскіх: гэта сапраўдныя героі
Прэм’ер-міністр Дональд Туск у суботу позна ўвечары паведаміў, што «сапраўдныя героі» суботніх падзей — старшы пастарунковы Якуб Кулік і старшы пастарунковы Артур Моранскі.
«Яны, верагодна, выратавалі шмат чалавечых жыццяў, не зважаючы на рызыку для ўласнага жыцця. Іх стан сур’ёзны, але яны знаходзяцца пад вельмі добрым наглядам. Уся Польшча трымае за вас кулакі», — паведаміў прэм’ер.
Starszy posterunkowy Jakub Kulik i starszy posterunkowy Artur Morański to prawdziwi bohaterowie. Uratowali prawdopodobnie wiele ludzkich istnień, nie zważając na ryzyko utraty życia. Ich stan jest poważny, ale są pod bardzo dobrą opieką. Cała Polska trzyma za Was kciuki.
— Donald Tusk (@donaldtusk) November 7, 2026
Стральба ў Кракаве 7 лістапада
Каля 15 гадзін у суботу на Галоўную Рынкавую плошчу ў Кракаве на вялікай хуткасці заехаў аўтамабіль. У машыне знаходзіўся нападнік у масцы, 24-гадовы паляк, які страляў з агнястрэльнай зброі па людзях. Праходжыя пачалі ўцякаць і шукаць сховішча ў бліжэйшых кавярнях, рэстаранах і падваротнях.
У стральбе загінулі шэсць чалавек. «Паранена 16 чалавек, у тым ліку двое паліцэйскіх і сам нападнік. Стан аднаго з паліцэйскіх вельмі цяжкі. Нападнік таксама ў цяжкім стане, ідзе аперацыя», — паведаміў увечары кіраўнік МУС Марцін Кервіньскі.
