«Крамлю становіцца ўсё складаней»
- 7.11.2026, 21:10
- 1,194
Украіна наносіць удары па трох маршрутах пастаўкі паліва ў Маскву.
Пасля ўкраінскай атакі ў Рязані загарэўся нафтаперапрацоўчы завод «Раснафты», а таксама паведамлялася пра пажар на складзе Wildberries.
Якое значэнне маюць гэтыя ўдары і што яны змяняюць для расійскай нафтавай галіны? Пра гэта «24 канал» спытаў ваеннага эксперта, лётчыка-інструктара і палкоўніка запасу Узброеных сіл Украіны Рамана Світана:
- Амаль штодня цягам апошняга тыдня мы бачым паражэнне чарговага расійскага нафтагазавага аб’екта. І гэта менавіта той напрамак, пра важнасць якога я кажу ўжо некалькі гадоў.
Сістэматычнае разбурэнне нафтавай галіны можа пазбавіць Расію эканамічных магчымасцяў працягваць вайну.
Але галоўнае тут — не толькі колькасць атак, але і іх бесперапыннасць.
Нельга рабіць паўзы на тыдзень або два. У расіян ёсць рамонтныя брыгады, абсталяванне і пэўныя магчымасці аднаўляць пашкоджаныя прадпрыемствы.
Паводле маіх звестак, за час прыблізна двухтыднёвага перапынку ва ўдарах па расійскай нафтаперапрацоўцы яны змаглі аднавіць працу Омскага і Сызранскага НПЗ. Таксама аднавіла перапрацоўку нафты прадпрыемства ]«Кірышынефцеаргсінтэз».
Таму спыняцца нельга. Пакуль пашкоджаны завод рамантуюць, ён павінен заставацца пад пагрозай новага паражэння.
Апошнія атакі асабліва цікавыя тым, што яны закранулі адразу некалькі вялікіх прадпрыемстваў, якія забяспечваюць Маскву і Маскоўскую вобласць маторным палівам.
Пастаўкі нафтапрадуктаў у сталічны рэгіён Расіі ажыццяўляюцца па некалькіх асноўных тэхналагічных напрамках.
Кстоўскі нафтаперапрацоўчы завод у Ніжагародскай вобласці працуе на ўсходнім напрамку.
Яраслаўскі НПЗ «Слаўнафта-ЯНОС» забяспечвае паўночны напрамак. А Рязанскі нафтаперапрацоўчы завод — паўднёвы.
І ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдары па ўсіх трох.
Паводле маіх ацэнак, гэтыя атакі прывялі да вельмі сур’ёзных збояў у вытворчых працэсах. Ідзе пра значнае скарачэнне магчымасцяў па перапрацоўцы нафты і вытворчасці маторнага паліва.
Асаблівае значэнне такія аперацыі могуць мець для забеспячэння палівам Масквы і Маскоўскай вобласці. Калі вялікія прадпрыемствы адначасова губляюць магчымасць паўнавартасна працаваць, кампенсаваць недахоп прадукцыі становіцца значна складаней.
Таму я ацэньваю гэтыя ўдары як вельмі ўдалую працу ўкраінскіх вайскоўцаў.
Што да пажару на складзе Wildberries, тут трэба разбірацца асобна.
Я не выключаю, што праз падобныя лагістычныя пляцоўкі могуць перавозіць не толькі звычайныя тавары, але і камплектуючыя, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці беспілотнікаў. У прыватнасці, ідзе гаворка пра кампаненты кітайскага паходжання.
Гэта адна з магчымых прычын, чаму адпаведныя аб’екты маглі апынуцца сярод цэляў. Але канкрэтнае змесціва паражонага склада яшчэ трэба ўстанавіць.
Раней паведамлялася і пра пажар на аб’екце Ozon. Лічу, што вялікія лагістычныя сеткі таксама заслугоўваюць увагі, калі іх інфраструктура выкарыстоўваецца для забеспячэння расійскай вайсковай прамысловасці.
Нафтагазавая галіна мае велізарнае значэнне для эканомікі Расіі, але існуюць і іншыя буйныя сектары, пашкоджанне якіх можа ствараць дадатковыя праблемы.
Паводле маіх ацэнак, лагістычныя і гандлёвыя пляцоўкі такога маштабу таксама забяспечваюць значную долю эканамічнай актыўнасці.
Таму я разглядаю ўдары па розных складніках расійскай эканамічнай сістэмы як узаемазвязаныя. Чым больш важных сектараў будзе працаваць са збоямі, тым складаней Крамлю будзе фінансаваць вайну.