Сусветныя лідары выказалі салідарнасць з Польшчай і польскім народам
- 7.11.2026, 22:28
Яны асудзілі страляніну ў Кракаве.
Сусветныя лідары асудзілі страляніну, у выніку якой у суботу ўдзень у польскім горадзе Кракаў загінулі шэсць чалавек, яшчэ каля 15 атрымалі раненні, перадае tvpworld.com.
Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч назваў тое, што адбылося, жахлівай навіной.
«Мае найглыбейшыя спачуванні сем'ям і сябрам загінулых», — заявіў ён.
Прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш паведаміў, што яго думкі цяпер з пацярпелымі, іх сем'ямі і блізкімі.
«Жадаю параненым як мага хутчэйшага акрыяння. Выказваю поўную падтрымку Польшчы і прэм'ер-міністру Дональду Туску у гэты цяжкі час», — напісаў ён.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што глыбока засмучаны трагічнай стралянінай, і дадаў, што Літва салідарная з польскім народам.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна паведаміў, што ўзрушаны гэтай навіной.
«Нашы думкі з польскімі сябрамі і з усімі, каго закранула гэтая трагедыя», — напісаў ён.
Прэзідэнт Славакіі Петер Пелегрыні заявіў, што стралок «пазбавіў жыцця невінаватых людзей і прынёс велізарны боль сем'ям і цэлым супольнасцям».
«Гвалту і нянавісці няма месца ў нашых грамадствах», — напісаў ён у сацыяльных сетках.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Петер Мадзяр выказаў спачуванні «нашым польскім сябрам» і заявіў, што Венгрыя салідарная з польскім народам.
Кіраўніца дыпламатыі Еўрапейскага саюза Кая Каллас напісала:
«У гэты момант смутку Польшча не адна».
Яна дадала, што трагічная гібель людзей у выніку страляніны ў Кракаве — гэта трагедыя, якую будуць перажываць далёка за межамі Польшчы.
Старшыня Еўрапейскага парламента Роберта Метсола заявіла, што засмучаная тым, што адбылося. Яна таксама выказала падтрымку пацярпелым і іх сем'ям.
«Дзякую паліцыі і службам экстраннай дапамогі за аператыўную рэакцыю і за тое, што ім удалося ўзяць сітуацыю пад кантроль. Трымайся, Кракаў!» — напісала яна па-польску ў сацыяльнай сетцы X.