Былы целаахоўнік Лукашэнкі купіў дом за $1,8 мільёна, але «мае патрэбу ў сшытках»
5- 7.11.2026, 11:46
- 2,814
Ягоная жонка на тэлебачанні казала, што яны пабудавалі кватэру як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
У верасні 2026 года некалькі дзяржаўных каналаў паказалі, як «сенатар» Дзмітрый Баскаў перад камерамі дорыць заплечнікі і канцылярыю шматдзетнай сям’і з пяццю дзецьмі. Гэтую сцэну здымалі ў Веснінцы — недалёка ад новага дома гэтай самай сям’і, які каштаваў амаль два мільёны долараў, піша «Зеркало».
«То сшыткаў не хапае, то сменка патрэбна»
Сюжэты «Беларусь 1», ОНТ і СТВ былі прысвечаныя ініцыятыве «Беларусь шматдзетная». Баскаў падарыў заплечнікі, канцылярскія прыналежнасці і адзенне Ганне Горбаковай, маці пяцярых дзяцей і сузаснавальніцы праекта.
«Як шматдзетны бацька, я добра разумею і ведаю, наколькі гэта эмацыйна і фінансава складана, хаця заўсёды стараешся прадугледзець усё загадзя. Заўсёды даводзіцца нешта дакупляць ужо пасля пачатку навучальнага года: то сшыткаў не хапае, то спатрэбіцца дадатковы вучэбны дапаможнік, то сменка патрэбна», — распавядаў Баскаў.

Цяжка сказаць, чаму заплечнікі пад камерамі вырашылі ўручыць менавіта Ганне. Жанчына, хутчэй за ўсё, і раней была знаёмая з Баскавым — той дапамагаў яе праектам.
Да таго ж у сюжэце не паказалі галаву гэтай сям’і. Муж Горбаковай — Аляксей Ляшкевіч, былы начальнік упраўлення асабістай аховы Аляксандра Лукашэнкі. Пасля 18 гадоў у службе бяспекі дыктатара ён перайшоў у «Беларусбанк» на пасаду выканаўчага дырэктара і пачаў там палітычныя «чысткі». Баскаў для яго не чужы чалавек: ахоўнік гуляў у хакей у аматарскай камандзе, трэнерам якой быў сенатар.

Дом за 1,8 мільёна долараў
Верагодна, сям’я Ляшкевіча не мела патрэбы ў дапамозе са «сменкай». Як даведалася «Зеркало», у маі 2026 года былы целаахоўнік Лукашэнкі набыў катэдж у мінскім элітным комплексе «Алімпік Парк».
Плошча дома на вуліцы Ратомскай — 827,6 квадратных метраў, плошча ўчастка — каля 14 сотак. Афіцыйная сума здзелкі склала 1,8 мільёна долараў.

Нядаўна мы распавядалі пра іншую куплю на гэтай жа вуліцы. У лютым 2025 года катэдж у «Алімпік Парку» набыла маці кіраўніцы Нацыянальнай школы прыгажосці Божэны Ярэміч. Дамы Ляшкевіча і Ярэміч размешчаныя праз дарогу.
Гэтыя дзве здзелкі аб’ядноўвае таксама прадавец — Лілія Белая. Гэта маці прадпрымальніка Паўла Белага, якому належыць забудоўшчык «Тапас». Менавіта «Тапас» атрымаў землі побач з заказнікам «Лебяжы» па ўказе Лукашэнкі без аўкцыёну і ўзводзіў «Алімпік Парк» насуперак пратэстам эколагаў.
Абодвума дамамі Белая валодала нядоўга. Катэдж Ярэміч быў запісаны на яе два тыдні, асабняк Ляшкевіча — два месяцы. Дарэчы, да яе два дні домам валодаў яе сын Павел, які перад гэтым афіцыйна выкупіў яго за 1,66 мільёна долараў.
Паводле інфармацыі «Зеркала», праз жанчыну прайшло як мінімум шэсць кватэр і два дамы, якія яна прадавала менш чым праз год пасля атрымання. Навошта спатрэбілася такая схема, дакладна невядома. Па-за кадрам магла застацца нерыначная цана, зніжка або нефармальная растэрміноўка.
«Раней пра ўласнае прасторнае жыллё ў сталіцы не маглі нават марыць»
Ганна Горбакова часта дае інтэрв’ю дзяржаўным СМІ. У яе пяць дзяцей, ордэн Маці, яна суарганізатарка форуму «Мама без фільтраў» і конкурсу для шматдзетных «Краса Беларусі». Пасля 12 гадоў у дэкрэце яна прызнавалася, што імкнецца папулярызаваць вялікія сем’і.
У маі 2026 года яна хваліла беларускую сістэму дзяржаўнай падтрымкі, якая «дае ўпэўненасць у будучыні і магчымасць выхоўваць дзяцей шчаслівымі».
— Галоўным дасягненнем для нас стала вырашэнне кватэрнага пытання, — казала яна. — Стаўшы ў чаргу як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, змаглі пабудаваць чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску. Мы бязмерна ўдзячныя за такую магчымасць, бо раней пра ўласнае прасторнае жыллё ў сталіцы не маглі нават марыць, — прызнавалася яна.

Падаецца, жанчына расказала не ўсё. Паводле «Зеркала», згаданую чатырохпакаёвую кватэру сям’я атрымала ў 2014 годзе пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Праўда, яна знаходзілася ў «ведамасным» доме на вуліцы Тышкевічаў. Ляшкевіч атрымаў там жыллё адначасова з іншымі супрацоўнікамі службы бяспекі Лукашэнкі. Гэта значыць, што сям’я чакала не толькі ў агульнай чарзе для тых, хто мае патрэбу.
Да таго ж на момант публікацыі гэтага інтэрв’ю на Ляшкевіча ўжо быў аформлены дом за 1,8 мільёна долараў у «Алімпік Парку». А кватэру, пра якую сям’я калісьці «не магла нават марыць», неўзабаве прадалі.