Зямляка Лукашэнкі з двума дзясяткамі судзімасцяў узялі ў палон ва Украіне
8- 7.11.2026, 10:51
- 3,150
Фота: праект «Хачу знайсці»
Да вербоўкі ў войсках РФ ён працаваў лесніком у Копыскім лясніцтве.
Леснік з радзімы Лукашэнкі з двума дзясяткамі судзімасцяў трапіў у палон ва Украіне. Васілю Варапаеву 49 гадоў. Нарадзіўся ён у пасёлку гарадскога тыпу Белынічы (Магілёўская вобласць), аднак жыў у Копысі, аршанскім мястэчку, якое лічыцца радзімай Аляксандра Лукашэнкі. Беларус апынуўся ў базе даных праекта «Хачу знайсці».
Паводле адкрытых баз даных, у 2000-х гадах Варапаеў працаваў на «Магілёўлесе», на цеплаэнергетычным прадпрыемстве, а таксама слесарам у жыллёва-эксплуатацыйнай службе. З 2014 па 2020 год працаваў у Копыскім лясніцтве Аршанскага лясгаса: спачатку абрубшчыкам сучча, потым вальшчыкам лесу і лесніком.
У яго біяграфіі да 2020 года налічваецца каля дваццаці запісаў, звязаных з крымінальнымі справамі.

Першыя прысуды — за крадзяжы, хуліганства і згвалтаванне — яму вынеслі яшчэ ў 1995 годзе. У далейшым суды не раз разглядалі справы аб неадбыцці пакарання, прымяненні гвалту да супрацоўніка міліцыі, паўторнай яздзе ў нецвярозым стане і новых крадзяжах. Двойчы ў яго забіралі аўтамабілі па рашэнні суда: Volkswagen Jetta і Ford Transit.
Пазней Варапаеў апынуўся ў шэрагах расійскай арміі, дзе ў званні радавога атрымаў пазыўны «Кулон».
Паводле інфармацыі праекта «Хачу знайсці», у лютым 2026 года яго ўзялі ў палон на тэрыторыі Луганскай вобласці Украіны.