Еўрапарламент прапануе ўвесці санкцыі супраць чыноўнікаў з Беларусі
2- 12.11.2026, 21:35
За выкраданне ўкраінскіх дзяцей.
Еўрапарламент 12 лістапада прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае пашырыць санкцыі супраць расійскіх, беларускіх і паўночнакарэйскіх службовых асоб, датычных да дэпартацыі і прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, а таксама супраць структур, якія забяспечваюць гэтыя працэсы. Пра гэта піша «Еўрапейская праўда».
«Згадванне Паўночнай Карэі ў рэзалюцыі Еўрапарламента ў кантэксце выкрадання ўкраінскіх дзяцей з'яўляецца новым элементам — у той час як Беларусь згадвалася раней. На гэты раз у рэзалюцыі гаворка ідзе і пра Паўночную Карэю, бо яе прадстаўнікі ўваходзяць у сістэму, якая спрыяе незаконнаму перамяшчэнню дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый», — заявіў дэпутат ад Нідэрландаў Тэйс Ройтэн, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы рэзалюцыі.
На думку дэпутата, санкцыі павінны быць уведзены і супраць тых людзей, якія непасрэдна дапамагаюць змяняць ідэнтычнасць украінскіх дзяцей, датычныя да іх незаконнага перамяшчэння. Гэта, напрыклад, дырэктары лагераў, куды прывозяць гэтых дзяцей, і іншыя службовыя асобы.
Нагадаем, 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Белавай з-за незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
У чэрвені 2025 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прызнала адказнасць Аляксандра Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.