Рутэ раскрыў ашаламляльныя страты Расіі ва Украіне
Больш, чым ЗША ў В'етнаме.
Апошнім часам Расія губляе ва Украіне больш за 40 000 ваеннаслужачых забітымі і параненымі. Пра гэта падчас выступлення на Форуме атлантычнай будучыні заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, параўнаўшы гэтыя страты з колькасцю загінулых амерыканцаў у В'етнаме.
«ЗША за 14 гадоў у В'етнаме страцілі 56 000 ваеннаслужачых. Тут за адзін месяц Расія страціла 40 000 забітых або цяжка параненых. А ў кастрычніку, паводле папярэдніх даных, гэтая лічба магла павялічыцца да больш як 50 000. 50 000 за адзін месяц», — пракаментаваў Рутэ.
Ён дадаў, што на фоне няўдач на фронце Пуцін спрабуе зламаць волю Украіны да змагання, наносячы ўдары па мірным насельніцтве.
«Ён абстрэльвае ўкраінскія гарады ракетамі і беспілотнікамі, спрабуючы знішчыць крытычна важную інфраструктуру, пакуль мы набліжаемся да зімы», — дадаў Рутэ.
Генеральны сакратар НАТА адзначыў, што РФ таксама ўзмацняе сваю дыверсійную дзейнасць у Еўропе. Рутэ падкрэсліў, што мэтай Крамля з'яўляецца спроба дэстабілізаваць заходнія грамадствы і сарваць падтрымку Украіны. Для гэтага акупанты выкарыстоўваюць падпалы, інцыдэнты з беспілотнікамі, кібератакі і іншыя зламысныя дзеянні.
«Але давайце будзем шчырымі. Ён цярпіць няўдачу. За кожную гібрыдную атаку Расіі супраць нашых краін мы накіроўваем Украіне яшчэ больш падтрымкі. Чальцы НАТА хутка павялічваюць інвестыцыі ў абарону, каб пашыраць узброеныя сілы і працягваць абараняць кожны сантыметр тэрыторыі саюзнікаў», — падкрэсліў Рутэ.