Bloomberg: У войску РФ на вайне з Украінай загінулі больш за 11 тысяч замежнікаў з сотні краін
- 11.11.2026, 21:06
Масква вабіць на вайну «за рускі свет» падманам або грашыма.
Расстат зафіксаваў смерць 11 335 замежнікаў, якіх Масква сілай, падманам або грашыма завабіла на вайну за «рускі свет». Гэта людзі, якія нарадзіліся па-за межамі Расіі або мелі замежнае грамадзянства, паведамляе Bloomberg. Даныя ўзятыя з базы Расстата, якая змяшчае больш за 11 млн пасведчанняў аб смерці і суправаджальных звестак, такіх як грамадзянства, месца нараджэння і смерці. Іх здабылі беларуская група «Кіберапартызаны» і ўкраінская хакерская група Silent Crow, якія падзяліліся інфармацыяй са СМІ.
Смяротныя выпадкі наўпрост звязаныя з вайной, бо ў дакументах пры апісанні прычын гібелі згадваецца «спецыяльная ваенная аперацыя», «абстрэлы», «беспілотнікі» або выкарыстоўваюцца адпаведныя коды. Смерці зарэгістраваныя ў перыяд з 24 лютага 2022 года па канец жніўня 2026-га.
Найбольш на вайну супраць Украіны прыцягваюць грамадзян былых савецкіх рэспублік: Казахстан і краіны Цэнтральнай Азіі — у лідарах паводле колькасці загінулых. Каля 3700 забітых замежнікаў або былі грамадзянамі Украіны, або нарадзіліся там пасля набыцця незалежнасці. Судзячы з адрасоў, большасць з іх пражывала ў акупаваных рэгіёнах на ўсходзе і поўдні краіны. Пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскія ўлады часта сілай гналі на фронт мужчын з «ДНР» і «ЛНР», ладзячы на іх аблавы з мэтай дастаўкі ў ваенкаматы.
Нярэдка і ў гарадах самой Расіі ў войска сілай запісвалі мігрантаў з Цэнтральнай Азіі, якія атрымалі расійскае грамадзянства. Для мэт аналізу асобы, што нарадзіліся па-за межамі Расіі, але на тэрыторыі СССР да яго распаду, улічваліся як замежнікі толькі ў тым выпадку, калі мелі грамадзянства іншай краіны, адзначае Bloomberg.
Рэальныя страты сярод замежнікаў вышэйшыя, бо даныя няпоўныя, асабліва за бягучы год; да таго ж паміж гібеллю на фронце і рэгістрацыяй могуць прайсці месяцы. Акрамя таго, не ўсе целы вывозяцца з поля бою і могуць быць апазнаныя, нехта лічыцца зніклым без вестак, а нехта мог памерці ад ран пасля заканчэння службы, але гэта не пазначана ў пасведчанні.
Таксама ў спісе няма паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якіх Кім Чэн Ын паслаў на падмогу Уладзіміру Путіну. Як паказала расследаванне «Бі-бі-сі», заснаванае на спадарожнікавых здымках і афіцыйных фотаздымках узведзенага пазней мемарыяла ў КНДР, у Курскай вобласці загінула каля 2300 салдат.
Страты сярод замежнікаў раслі прыкладна разам з агульнай колькасцю забітых на вайне, павялічыўшыся з моманту ўварвання больш чым у восем разоў — з 630 у 2022 годзе да больш як 5500 у 2025-м.
У цэлым Расія прыцягнула да сваёй вайны грамадзян амаль 100 краін. Вербоўка, падаецца, адбывалася хвалімі і геаграфічна пашыралася па меры неабходнасці знаходзіць усё больш «гарматнага мяса» праз рост колькасці смерцяў сярод расійскіх вайскоўцаў.
Даныя сведчаць пра высокія страты сярод грамадзян Непала ў 2023 і 2024 гадах, Шры-Ланкі і Кітая — у 2024 і 2025 гадах, а з канца 2025 года — жыхароў Калумбіі, Кеніі і Нігерыі. Прыблізна 340 загінулых — родам з Афрыкі, дзе Расія актыўна вабіць беднякоў, абяцаючы ім працу нібыта на грамадзянскіх пасадах з высокім, паводле іх меркаў, заробкам. Афрыканцы ў асноўным гінулі ў 2025–2026 гадах; сярод іх большасць складаюць грамадзяне Егіпта, Камеруна, Нігерыі, Кеніі і Ганы.
Апошнімі месяцамі ўлады Кеніі і Ганы запатрабавалі ад Масквы спыніць падманам завабліваць іх грамадзянаў на вайну, а ПАР і Батсвана афіцыйна папярэдзілі сваіх жыхароў, каб яны не прымалі прапаноў ад вербавальнікаў.
Расійскім «паляўнічым за галовамі» даводзіцца раскідваць свае сеткі ўсё шырэй. Украіна паведаміла, што да яе ў палон трапіў першы інданезіец — 49-гадовы мужчына з вострава Ява, піша The Guardian. Інданезія стала новай тэрыторыяй для вербоўкі: паводле даных украінскага праекта «Хачу жыць», за першыя дзевяць месяцаў гэтага года ў расійскае войска было запісана 283 інданезійцы, тады як за папярэднія тры гады — не больш за 10 чалавек.