У Беларусі хочуць павялічыць перапынак на працы
1- 11.11.2026, 12:10
- 1,882
Новая норма закране не ўсіх.
У Беларусі рыхтуюць новую рэдакцыю закона «Аб ахове працы». Адна з паправак тычыцца перапынкаў на працы: праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) прапанавала павялічыць іх мінімальную працягласць. Ініцыятыву ўжо ўключылі ў законапраект, паведамляе БелТА.
Новая норма закране тых, хто працуе на адкрытым паветры пры экстрэмальных тэмпературах — як у моцныя маразы, так і ў спёку. Для такіх работнікаў прапануюць замацаваць мінімальную працягласць спецыяльных перапынкаў не менш як 10 хвілін.
Як растлумачыў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел Манько, раней з гэтым узнікалі праблемы. У шэрагу арганізацый перапынкі давалі толькі фармальна, літаральна на некалькі хвілін, а ў работнікаў адной прафесіі час адпачынку мог адрознівацца ў залежнасці ад прадпрыемства. Адзіны мінімальны парог павінен ліквідаваць гэтую розніцу.
Праўладныя прафсаюзы прапануюць і іншыя змяненні. У прыватнасці, у закон хочуць унесці палажэнні пра тое, што наймальнікі павінны садзейнічаць навучанню і заахвочванню грамадскіх інспектараў па ахове працы. Гэта работнікі прадпрыемстваў, якія, акрамя сваёй асноўнай працы, сочаць за выкананнем патрабаванняў бяспекі, выяўляюць рызыкі і дапамагаюць ліквідаваць парушэнні.
Акрамя таго, новая рэдакцыя ўдакладніць правы і абавязкі наймальнікаў у сферы аховы працы. Таксама прапануецца ўвесці паняцце «кіраванне прафесійнымі рызыкамі», якое ахоплівае комплекс захадаў: ад выяўлення небяспек на працоўных месцах да ацэнкі рызык і іх ліквідацыі або зніжэння.