Bloomberg: Літва можа сарваць здзелку Трампа з рэжымам Лукашэнкі
9- 22.09.2026, 14:43
- 6,948
Порт Клайпеда — найбліжэйшы для Беларусі выхад да Балтыйскага мора.
Літва не мае намеру пераглядаць забарону на транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз тэрыторыю Еўрасаюза, заявіў міністр замежных спраў рэспублікі Кястуціс Будрыс, перадае Bloomberg.
Дзейныя абмежаванні забараняюць транзіт вырабленых у Беларусі ўгнаенняў праз тэрыторыю Еўрасаюза. Паводле слоў Будрыса, Вільнюс не бачыць падстаў для змянення санкцыйнай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
Агенцтва адзначае, што забарона можа сарваць планы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа заключыць з Мінскам буйную здзелку па закупцы ўгнаенняў.
Амерыканскі лідар напярэдадні паведаміў, што ЗША працуюць з Мінскам над здзелкай па закупцы беларускага калію. «Кошт будзе значна ніжэйшы за той, які мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фермераў і жывёлагадоўцаў», — напісаў Трамп у Truth Social.
Літоўскі порт Клайпеда — найбліжэйшы для Беларусі выхад да Балтыйскага мора. З сакавіка Вашынгтон заклікае Вільнюс разгледзець магчымасць аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву. «Мы разглядаем гэта як пытанне двухбаковых адносін, якое нас наўпрост не датычыцца», — сказаў Будрыс пасля заявы Трампа аб аднаўленні паставак Беларусі.