Кітай ужорстчыць патрабаванні да сваіх аўтамабіляў
- 14.10.2026, 2:24
- 1,056
Ад ручак да сядзенняў.
Кітайскія рэгулятары ўзяліся за бяспеку аўтамабіляў. Міністэрства прамысловасці і інфарматызацыі КНР разам з трыма іншымі ведамствамі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект новых патрабаванняў да канструкцыі і выпрабаванняў аўтамабіляў.
Як піша Reuters, абмеркаванне працягнецца да 10 лістапада.
Пад забарону рызыкуюць трапіць цалкам схаваныя дзвярныя ручкі. Таксама гаворка ідзе пра складныя і гнуткія дысплеі, сядзенні з эфектам «нулявой гравітацыі» і паваротныя сядзенні — карыстацца імі падчас руху будзе нельга.
Акрамя таго, важныя функцыі, такія як уключэнне фар і шклоачышчальнікаў, павінны будуць атрымаць фізічныя органы кіравання замест віртуальных. Гэта павінна спрасціць карыстанне аўтамабілем і знізіць рызыкі.
Прычынай сталі асцярогі, што некаторыя вытворцы выводзяць новыя мадэлі на рынак без дастатковай праверкі. Паскораныя цыклы распрацоўкі і стаўка на камп'ютарнае мадэляванне замест рэальных выпрабаванняў выклікаюць у рэгулятараў трывогу.
Як піша Bloomberg, праект прадугледжвае выпрабаванні надзейнасці аўтамабіляў на дыстанцыі не менш за 30 тыс. км. Таксама будуць ужорстчаныя экалагічныя праверкі. Вытворцаў абавязваюць расследаваць інцыдэнты, звязаныя з бяспекай, калі ў іх задзейнічаныя інавацыйныя канструкцыйныя рашэнні.
Акрамя таго, кампаніі павінны будуць прадастаўляць даныя і тэхнічную дапамогу паліцыі пры расследаванні ДТЗ.
Чакаецца, што з 1 студзеня 2027 года вытворцы, якія падаюць заяўкі на адабрэнне новых мадэляў з нестандартнымі рашэннямі, павінны будуць прадставіць дадатковыя тэхнічныя звесткі і матэрыялы выпрабаванняў. Аўтамабілі, недастаткова правераныя або суправаджаемыя недаставернымі данымі, не атрымаюць адабрэння для выхаду на рынак.
Для аўтамабіляў, якія ўжо атрымалі дазвол на выпуск, усталяваны асобны тэрмін. Да 1 ліпеня наступнага года кампаніі абавязаныя перадаць рэгулятарам дадатковую інфармацыю пра інавацыйныя канструкцыі. Калі вытворца не выканае патрабаванне, а аўтамабіль будзе ўяўляць пагрозу бяспецы, яму давядзецца спыніць вытворчасць і арганізаваць адкліканне.