Э-рэзідэнты адкрылі ў Эстоніі больш за 4200 кампаній з пачатку года
- 15.09.2026, 10:58
Усяго з моманту запуску праграмы статус атрымалі больш за 144 тысячы чалавек.
З пачатку 2026 года э-рэзідэнты зарэгістравалі ў Эстоніі больш за 4200 кампаній — прыкладна на 36% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым 80% новых кампаній, створаных э-рэзідэнтамі, адкрылі людзі, якія атрымалі гэты статус у 2026 або 2025 годзе, паведамляе err.ee.
З пачатку года да праграмы э-рэзідэнцтва далучыліся каля 9000 чалавек. Сярод тых, хто атрымаў статус у першыя месяцы года, ужо 34% паспелі зарэгістраваць кампанію ў Эстоніі — гэта рэкордны паказчык, паведамілі ў аўторак, 15 верасня, прадстаўнікі праграмы э-рэзідэнцтва.
Паводле іх даных, за першыя сем месяцаў года дзейнасць э-рэзідэнтаў прынесла Эстоніі 57,6 млн еўра прамога даходу. У тым ліку 35,3 млн еўра склалі працоўныя падаткі, 19,5 млн — падаходны падатак з дывідэндаў, яшчэ 2,8 млн еўра — дзяржаўныя пошліны.
Усяго з моманту запуску праграмы статус э-рэзідэнта атрымалі больш за 144 000 чалавек са 187 краін. Яны заснавалі або сталі сузаснавальнікамі больш за 44 000 эстонскіх кампаній.
Паводле звестак праграмы, у 2025 годзе э-рэзідэнты набылі ў эстонскіх кампаній бізнэс-паслугі больш чым на 18 млн еўра. За год абарот ад абслугоўвання э-рэзідэнтаў вырас на 17%.
У праграме адзначаюць, што прыкладна кожная пятая новая кампанія ў Эстоніі ствараецца пры ўдзеле э-рэзідэнта.
Даведка Charter97.org
Э-рэзідэнт Эстоніі — гэта замежны грамадзянін, які не жыве ў Эстоніі і не мае там дазволу на жыхарства, але атрымаў ад дзяржавы лічбавую ID-карту. Гэты статус дазваляе дыстанцыйна адкрываць і весці бізнэс у юрысдыкцыі Еўрапейскага Саюза, падпісваць дакументы электронным подпісам і кіраваць падаткамі анлайн.