Адзін з найбуйнейшых НПЗ, якія забяспечваюць Маскву, спыніў тры чвэрці магутнасцяў
- 31.08.2026, 20:28
- 1,384
Яго атакавалі БПЛА.
НПЗ «Ярославнефтеоргсинтез», размешчаны за 280 км ад Масквы і які забяспечвае палівам у тым ліку сталічны рэгіён, спыніў тры чвэрці магутнасцяў пасля атакі беспілотнікаў 28 жніўня, паведамляе Reuters са спасылкай на дзве галінавыя крыніцы.
Паводле іх даных, на заводзе магутнасцю 15 млн тон у год, які ўваходзіць у топ-10 найбуйнейшых у Расіі, атрымалі пашкоджанні дзве з трох установак першаснай перапрацоўкі нафты — АВТ-3 прадукцыйнасцю 17140 тон на суткі (40% магутнасці НПЗ) і АВТ-4 прадукцыйнасцю 14300 тон на суткі (33%).
У працы засталася толькі ўстаноўка АТ-4, якая мае сутачную прадукцыйнасць 11430 тон і забяспечвае 27% магутнасці НПЗ. З 31 жніўня ЯНОС, які належыць «Славнефти», спыніў рэалізацыю нафтапрадуктаў на Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы.
Завод у Яраслаўлі, які выпускае за год 2,6 млн тон бензіну і 4 млн тон дызеля, стаў сёмым расійскім НПЗ, што часткова або поўнасцю спыніў выпуск паліва ў жніўні. 26 жніўня «Нижегороднефтеоргсинтез» (НОРСИ) «Лукойла», другі ў краіне па аб’ёме вытворчасці бензіну, спыніў перапрацоўку нафты; 25 жніўня спыніўся Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы НПЗ у Растоўскай вобласці.
21 жніўня пасля налёту БПЛА спыніў працу НПЗ «Пермнефтеоргсинтез» (ПермНОС) «Лукойла», 12 жніўня — «Орскнефтеоргсинтез» (ОрскНОС) кампаніі «Фортеинвест». 10 жніўня спыніўся «Запсибнефтехим» «Сибура» ў Цюменскай вобласці — найбуйнейшы нафтахімічны комплекс краіны, які штогод вырабляе 2,5 млн тон палімераў і 6 млн тон СУГ. 5 жніўня Саратаўскі НПЗ «Роснефти» спыніў перапрацоўку нафты, а 3 жніўня — Валгаградскі НПЗ «Лукойла».
Паводле ацэнак EA Analytics, аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расіі ў жніўні засталіся на мінімальных узроўнях з 2002 года — каля 3,8 млн барэляў у суткі. Пры гэтым вытворчасць бензіну да канца месяца ўпала да 80 тысяч тон у суткі пры сярэднім спажыванні ў гэты час года 115 тысяч тон. Пасля прыпынення працы некалькіх буйных НПЗ у канцы жніўня дэфіцыт бензіну ў краіне дасягнуў прыблізна 35 тысяч тон у дзень, ацэньвалі крыніцы Reuters.