30 жнiўня 2026, Нядзеля, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паміж Шуневічам і Тэртэлем «праскочыла іскра»

8
Паміж Шуневічам і Тэртэлем «праскочыла іскра»

Каб толькі гэтыя паляўнічыя і дзяржінспектары не пачалі страляць адзін у аднаго.

Кіраўнік Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Юрый Тэртэль перажыў няпросты месяц.

11 жніўня адной з тэм нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Саўміна стала абмеркаванне мэтазгоднасці аб’яднання Мінпрыроды і Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Для Дзяржінспекцыі, якая мае ў назве прыстаўку «пры прэзідэнце», гэта азначала б страту самастойнасці.

Паводле першых паведамленняў з нарады складалася ўражанне, што кіраўнік не супраць ліквідацыі незалежнага статусу ведамства.

— Маё ўражанне: акрамя браканьерства сістэма Тэртэля… брата Тэртэля… нічым і не займаецца, — адзначыў між іншым Лукашэнка, пацвердзіўшы інфармацыю, пра якую ў дзяржаўных СМІ, у адрозненне ад незалежных медыя, шмат гадоў маўчалі: Юрый Тэртэль з’яўляецца малодшым братам Івана Тэртэля, старшыні КДБ.

Падчас гэтых слоў кіраўнік Дзяржінспекцыі ўскочыў са свайго месца, а пасля, сеўшы, доўга спрабаваў прыстроіць партфель за спінай, нервова круцячы яго ў руках. Відаць, Юрый Тэртэль перажыў не самы прыемны момант.

Аднак пазней сталі вядомыя іншыя падрабязнасці нарады.

— Ведаю, што Дзяржсакратарыят Савета бяспекі гэтую ініцыятыву не падтрымаў, — заявіў Лукашэнка.

У рэшце рэшт яго прэс-служба паведаміла, што «вырашана не аб’ядноўваць» Мінпрыроды і Дзяржінспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

Канчаткова Юрыю Тэртэлю павінна было палегчаць 20 жніўня, калі яго ведамства наведаў дзяржсакратар Савета бяспекі. Аляксандр Вольфовіч заявіў, што кіраўнік прыняў рашэнне «аб захаванні асаблівага незалежнага статусу Дзяржінспекцыі, якая падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржавы і надзелена шырокімі паўнамоцтвамі».

Перад Юрыем Тэртэлем паставілі задачу змагацца не толькі з браканьерствам, «але і з тымі, хто прызвычаіўся смеціць у лесе».

Такім чынам, Дзяржінспекцыя захавала свой былы статус, а Юрый Тэртэль — сваю пасаду, якую ён займае ўжо 8 гадоў — вялікі тэрмін па мерках лукашэнкаўскай вертыкалі.

Што наўрад ці парадуе іншага былога сілавіка — Ігара Шуневіча, старшыню «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Расслабіцца ён не зможа.

Шуневіч актыўна дамагаецца пашырэння правоў паляўнічых, а для ведамства Юрыя Тэртэля яны з’яўляюцца патэнцыяльнымі злачынцамі. Дзяржінспектары могуць правяраць дакументы, аглядаць транспарт і прылады палявання, складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і г. д.

Колькі гадоў таму начальнік Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Іван Паўлюковіч распавядаў:

«Найбольш тыповае з парушэнняў — паляванне без уплаты дзяржаўнай пошліны. А ёсць такія, як, напрыклад, выпадак, які нядаўна адбыўся ў Бярозаўскім раёне, калі паляўнічыя з усімі неабходнымі дазвольнымі дакументамі, але з зараджанай і неўкрытай зброяй зайшлі на тэрыторыю населенага пункта. Гэта грубейшае парушэнне, звязанае з рызыкамі для жыхароў.

Затрымлівалі інспектары летась і браканьераў, якія здабылі жывёл з незарэгістраванай зброяй, не маючы дзяржаўнага дазволу на права вядзення палявання, без дазволу на захоўванне зброі. Па ўсіх гэтых матэрыялах былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, і ўжо па шэрагу з іх вынесены прысуды».

Чаму Лукашэнка не стаў «крыўдзіць» Юрыя Тэртэля? Адказ, відаць, варта шукаць у мінулым.

У 2009–2018 гадах Юрый Тэртэль узначальваў «памежны спецназ» — ОСАМ (Асобная служба актыўных мерапрыемстваў). У гэтым спецпадраздзяленні калісьці праходзілі службу сыны кіраўніка — Віктар і Дзмітрый.

У 2022‑м Лукашэнка запатрабаваў, каб, калі што, супрацоўнікі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету «сталі пад ружжо» (штатная колькасць ведамства не раскрываецца).

Юрый Тэртэль тады заявіў:

«Мы падраздзяленне, якое ўзброенае. На сённяшні дзень кожны наш супрацоўнік узброены і пісталетам, і аўтаматам, што было зроблена па даручэнні прэзідэнта. Мы ўнеслі асаблівыя змены ў праграму падрыхтоўкі нашых работнікаў. Адпаведна ва ўказах, якія прымаў прэзідэнт у 2019–2020 гадах, замацавалі заканадаўча прымяненне зброі, фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў».

Інтарэс Лукашэнкі зразумелы: пасля масавых пратэстаў унутры краіны і з улікам вялікай вайны ў суседняй, ён хацеў бы мець на сваім баку як мага больш узброеных людзей.

Толькі б гэтыя паляўнічыя і дзяржінспектары не пачалі страляць адны ў адных...

Марк Дзюба, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках