28 жнiўня 2026, Пятніца, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турчын прагаварыўся пра візіт Лукашэнкі ў Маскву

1
Турчын прагаварыўся пра візіт Лукашэнкі ў Маскву

Дыктатару будзе няпроста.

Урады Беларусі і Расіі знаходзяць узаемавыгадныя рашэнні, але складанасцяў хапае, заявіў дзяржаўнай прэсе прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын:

«Што ўсё добра і ўсё выдатна — напэўна, так не скажаш, ды і так не павінна быць, бо ў кожнага боку ёсць свае інтарэсы. Але мы знаходзім узаемавыгадныя рашэнні, якія дазваляюць нам павялічваць аб'ём узаемнага тавараабароту, рэалізоўваць сумесныя праекты. Гэта штодзённая праца, якая сёння рухаецца, ідзе, і ідзе нядрэнна».

Прагучала, мякка кажучы, непераканаўча. Болей таго, хутчэй як намёк на няпросты характар будучых перамоў у Маскве паміж двума кіраўнікамі.

І на карысць гэтага сведчаць некалькі характэрных момантаў, піша «Салідарнасць».

Лукашэнка выправіўся ў Маскву ўвечары 27 жніўня. Тады і было апублікавана апошняе паведамленне набліжанага да яго тэлеграм-канала. Гэта відэа выхаду кіраўніка з самалёта і ад'езду яго картэжу з аэрапорта.

Пры гэтым, як паведаміў прэс-сакратар Крамля, перамовы з Пуціным адбудуцца ў суботу, 29 жніўня. Іншымі словамі, Лукашэнку давядзецца двойчы пераначаваць у Маскве, чакаючы сустрэчы з крамлёўскім кіраўніком.

Памарыніць госця перад сустрэчай — улюбёная тактыка Пуціна ў моманты абвастрэнняў у адносінах. Сваім часам Лукашэнку даводзілася па некалькі дзён, а то і тыдзень, чакаць сустрэчы, як гэта не раз было ў Сочы.

Акрамя таго, існуе ўсталяваная практыка асабістых сустрэч у моманты, калі на ўзроўні ўрадаў перамовы ўпіраюцца ў непераадольны бар'ер. Не выключана, што менавіта гэта хаваецца ў словах Турчына пра тое, што «складанасцяў хапае».

У Маскве бакі плануюць абмеркаваць у тым ліку пытанні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыі кааперацыйных праектаў.

Што да аднаго з іх, днямі Лукашэнка наракаў на сустрэчы з намеснікам старшыні расійскага ўрада Дзянісам Мантуравым. Ішлося пра праект расійска-беларускага самалёта «Асвей». Ёсць верагоднасць, што не ўзляцеў не толькі ён, і цяпер узнікла новая патрэба абмеркаваць праблемы на больш высокім узроўні.

Нельга выключаць і таго, што пытанні эканомікі на перамовах будуць не галоўнымі ў парадку дня. Версія з прысмакам канспіралогіі, але і яе варта разгледзець.

«Экспертам, якія лічаць, што асноўнай тэмай візіту дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа у Маскву быў Іран, а не занепакоенасць наконт эскалацыі ў Еўропе, давядзецца задумацца: у асноўных сцэнарыях эскалацыі фігуруе Беларусь, а ўслед за акутаным таямніцай візітам Рэткліфа ў Маскву на сустрэчу з Пуціным адпраўляецца Лукашэнка», — заявіў палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Дырэктар ЦРУ наведаўся ў Маскву 25 жніўня, калі верыць «злівам» у сусветнай прэсе. Тога ж дня Лукашэнка сабраўся ў Расію да Пуціна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках