28 жнiўня 2026, Пятніца, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі незаконна ствараюць базу ДНК грамадзян

6
У Беларусі незаконна ствараюць базу ДНК грамадзян

Рэжым можа выкарыстоўваць гэтыя звесткі як заўгодна.

Камітэт судовых экспертыз Беларусі выступіў ініцыятарам геномнай рэгістрацыі грамадзян. Такія ўзоры ДНК, як сцвярджаюць праваабаронцы, беларускія сілавікі ўжо збіраюць, не чакаючы змяненняў у заканадаўстве, перадае «Радыё Свабода».

Пра ініцыятыву рэгістрацыі ДНК грамадзян Беларусі паведаміў старшыня Камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў. Па яго словах, ініцыятыва стварэння базы ДНК з звесткамі пра грамадзян Беларусі пакуль распрацоўваецца, але ўжо знаходзіць падтрымку ў сілавым блоку і дзяржаўных органах.

«Мы не кажам, што трэба ўзяць і аднаразова сабраць узоры ДНК па ўсёй краіне. Па-першае, гэтая праца, на наш погляд, павінна заняць пэўны перыяд: год, два, тры, чатыры — магчыма, у залежнасці ад катэгорый. Нейкія катэгорыі будуць першачарговымі, а для іншых мы можам вызначыць больш позні тэрмін», — адзначыў Волкаў.

Як гэтая ініцыятыва будзе працаваць, калі набудзе форму закона, і як будуць збіраць узоры ДНК, чыноўнік не патлумачыў. Пры гэтым «Свабодзе» стала вядома, што непублічна базу даных ДНК грамадзян краіны ў Беларусі ствараюць ужо як мінімум некалькі гадоў.

«Прыехалі ў вёску і ўзялі сліну»

Рэдакцыя «Радыё Свабода» валодае інфармацыяй прынамсі пра некалькі канкрэтных выпадкаў, калі ў сваякоў супрацоўнікаў недзяржаўных медыя, вымушаных працаваць з-за межаў Беларусі, сілавікі спрабавалі ўзяць узор ДНК. Першыя такія выпадкі былі ў 2024 годзе.

Журналіст беларускага незалежнага медыя ў выгнанні Мікалай (сапраўднае імя мы не называем з меркаванняў бяспекі. — рэд.) распавёў «Радыё Свабода», што ў ягоных бацькоў бралі аналіз ДНК два гады таму.

«Супраць мяне ініцыявалі палітычна матываваную крымінальную справу. Выклікалі маці ў Следчы камітэт. Праз некаторы час пасля гэтага яе зноў выклікалі ў СК для здачы ДНК. Яна тады была за горадам і сказала, што не можа сама прыехаць. Тады следчыя СК прыехалі да яе ў вёску і на месцы ўзялі сліну. Сказалі яшчэ нешта кшталту: «Калі з вашым сынам нешта здарыцца, то яго будзе лягчэй апазнаць», — распавёў журналіст.

Яшчэ адна супрацоўніца недзяржаўнага беларускага СМІ, якая працягвае працу з-за мяжы, таксама распавяла «Свабодзе» пра падобны выпадак.

«Бацькоў выклікалі ў Следчы камітэт пасля ўзбуджэння крымінальнай справы супраць мяне. Следчыя сказалі бацькам, што ім патрэбны мой ДНК, але паколькі я жыву па-за межамі Беларусі, яны возьмуць сліну ў іх. Калі бацькі спыталі, ці могуць яны адмовіцца ісці ў Следчы камітэт для здачы ДНК, следчыя адказалі, што яны ўсё роўна возьмуць у іх аналіз», — распавяла журналістка. Як і папярэдні суразмоўца, яна не хоча раскрываць сваё сапраўднае імя з меркаванняў бяспекі.

Звесткі ДНК проста цяпер збіраюць не толькі ў сваякоў незалежных беларускіх журналістаў. Праз гэтую працэдуру таксама праходзяць асуджаныя па палітычных справах. А ў некаторых выпадках і сваякі палітычных уцекачоў, якія выехалі з Беларусі.

Пра гэта «Радыё Свабода» распавёў юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

«Гэта даволі масавая з’ява: аналізы ДНК збіраюць у палітвязняў, у сваякоў тых, хто выехаў з Беларусі. Гэта робіцца па-за прававым рэгуляваннем. Такія звесткі паводле закона адносяцца да асабістых, іх забаронена збіраць і распаўсюджваць. Ёсць працэдура збору ўзораў у межах канкрэтнай крымінальнай справы, але яна таксама не выконваецца. Цяпер мы масава бачым, калі ў людзей падманам, або хлуснёй, або з пагрозамі бяруць узоры ДНК для баз, якія па сутнасці незаконныя. За гэта прадугледжана крымінальная адказнасць. Мы не ведаем, як захоўваюцца і як выкарыстоўваюцца гэтыя звесткі. А прыняцце новага закона — спроба легалізаваць ужо існуючую практыку», — сцвярджае юрыст.

ДНК (дэаксырыбануклеінавая кіслата) — гэта свайго кшталту асаблівы штрыхкод чалавека, унікальны адбітак асобы, які змяшчаецца ў чалавечых тканках і слізістых абалонках — у крыві, валасах, скуры, сліне і гэтак далей. Звычайна пры зборы ДНК якраз бяруць узор сліны.

У еўрапейскіх краінах няма ўсеагульнага абавязку здаваць узоры сваёй ДНК дзяржаўным органам. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ў базу ДНК (NDNAD) збіраюць узоры ў асуджаных і арыштаваных за пэўныя катэгорыі злачынстваў. Падобная сістэма ёсць у ЗША (CODIS), але там таксама ўзоры ДНК збіраюць не ва ўсіх, а толькі ў асуджаных за цяжкія злачынствы і ў асобных штатах — у арыштаваных пэўнай катэгорыі. Гэта дапамагае сілавікам пры раскрыцці злачынстваў.

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул 203-1: «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя». Па ім прадугледжана пакаранне — да трох гадоў пазбаўлення волі, калі не ідзе гаворка пра службовую асобу.

«ДНК-звесткі можна выкарыстоўваць як заўгодна»

Паводле слоў юрыста БАЖ Алега Агеева, пакуль незразумела, навошта сілавікам могуць спатрэбіцца ДНК-звесткі журналістаў у выгнанні або палітычных актывістаў. Ён звяртае ўвагу, што калі ў дзяржаве не працуе закон, гэта асабліва небяспечна.

«Калі няма прававога рэгулявання, толькі яны вырашаюць, як будуць выкарыстоўваць гэтыя звесткі. У іншых краінах такая практыка ёсць, але там ёсць і прававое рэгуляванне, ёсць адказныя органы. А ў Беларусі сілавікі могуць выкарыстоўваць гэта як заўгодна. Людзі не змогуць ні паскардзіцца, ні абараніцца», — дадае суразмоўца.

Інфармацыю пра тое, што беларускія сілавікі збіраюць узоры ДНК у асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах і адміністрацыйна пакараных за ўдзел у пратэстах 2020 года, у размове з «Радыё Свабода» пацвярджае і юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галоўнева.

«Да нас звяртаюцца людзі і пытаюцца, ці могуць яны адмовіцца ад здачы ДНК. Найчасцей звяртаюцца або былыя палітвязні, або тыя, супраць каго ўзбудзілі адміністрацыйныя працэсы па палітычных справах. У Беларусі пакуль людзі не абавязаныя здаваць гэтыя ўзоры ДНК, гэта робіцца толькі са згоды чалавека. Такая геномная рэгістрацыя — гэта большы кантроль над грамадствам. Звычайна ў прававых грамадствах вызначаюць групы грамадзян, якія абавязаныя здаваць свае ўзоры ДНК. Калі татальна абавязаць усіх здаваць такія ДНК-ўзоры, то гэта ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Акрамя таго, гэта яшчэ і дорага, гэтыя звесткі трэба дзесьці захоўваць», — кажа юрыст.

Калі закон аб стварэнні агульнай базы ДНК грамадзян Беларусі прымуць, ён стане своеасаблівым працягам гісторыі з 2004 года. Тады ў краіне пачаў дзейнічаць закон «Аб дактыласкапічнай рэгістрацыі». Яго некалькі разоў змянялі, і ў выніку абавязалі здаваць адбіткі пальцаў амаль усіх дарослых асоб мужчынскага полу, якія маюць беларускае грамадзянства.

Хваля абавязковай здачы адбіткаў пальцаў пачалася ў Беларусі ў 2008 годзе, пасля выбуху падчас святкавання 3 ліпеня ў Мінску. Гэтай вясной здаваць адбіткі пальцаў у Беларусі абавязалі замежнікаў, якія звяртаюцца па часовы від на жыхарства альбо падлягаюць дактыласкапіі ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі. Тое самае цяпер датычыць і беларусаў мужчынскага полу ва ўзросце ад 14 да 75 гадоў, якія пастаянна пражываюць за мяжой.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках