Названы неўсім відавочны спосаб палепшыць сон
- 21.08.2026, 20:09
Дапаможа ранішняе сонца.
Навукоўцы высветлілі, што чым больш часу чалавек праводзіць на ранішнім сонцы, тым раней ён кладзецца спаць і тым лепш спіць. Праца апублікаваная ў часопісе BMC Public Health.
Даследчыкі апыталі 1762 дарослых жыхароў аднаго з рэгіёнаў Бразіліі. Высветлілася, што кожныя дадатковыя паўгадзіны знаходжання на сонцы да 10 раніцы зрушалі момант засынання прыкладна на 23 хвіліны раней. У сярэднім удзельнікі спалі больш за сем гадзін за ноч, і ў тых, хто часцей бываў на ранішнім святле, паляпшалася і суб’ектыўная якасць сну, а не толькі яго працягласць.
Пры гэтым дзённае святло — з 10 раніцы да 3 гадзін дня — практычна не ўплывала на працягласць сну. Гэта сведчыць, што біялагічны гадзіннік чалавека наладжваецца найперш паводле ранішняга і вячэрняга асвятлення, а не паводле палудзённага. Знаходжанне на сонцы пасля трэцяй гадзіны дня давала слабейшы эфект — каля 19 хвілін зруху на тыя ж паўгадзіны святла.
За наладжванне сутачных рытмаў адказвае асаблівы ўчастак мозгу — супрахіязматычнае ядро, якое паводле светлавых сігналаў рэгулюе выпрацоўку «гармона сну» мелатаніну. Таму ранішняе святло дапамагае пераналадзіць унутраныя гадзіннікі на больш ранні час. Збоі сутачных рытмаў звязваюць з праблемамі сну, настрою і абмену рэчываў, таму ранішняе святло можа быць простым і даступным спосабам іх скарэктаваць.
Аўтары адзначаюць абмежаванні: даныя заснаваныя на ўласных паведамленнях удзельнікаў, без аб’ектыўных прыбораў і без уліку святла ад экранаў, а збор адбываўся ў перыяд кавідных абмежаванняў, што магло паўплываць на сон праз стрэс і ізаляцыю. Тым не менш вынікі пацвярджаюць простую рэкамендацыю — больш бываць на ранішнім святле тым, хто хоча раней засынаць.