13 чэрвеня 2026, Субота, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска злятала ў Грузію і цяпер вінная МТС больш за $1300 долараў

9
Беларуска злятала ў Грузію і цяпер вінная МТС больш за $1300 долараў
Фота: Getty Images

Усё праз выпадкова ўключаны на шэсць хвілін інтэрнэт.

Паездка ў Грузію абярнулася для Алевціны вялікімі непрадбачанымі выдаткамі. Падчас прызямлення ў яе запрацавала сім-карта МТС — і ўсяго за 110 мегабайт трафіку яна цяпер вінная аператару больш за сярэдні заробак па краіне. Пра тое, што адбылося, жанчына расказала ў Threads. «Зеркало» даведалася падрабязнасці.

«Выглядае як жарт»

Па словах Алевціны, паслугамі МТС у роўмінгу яна скарысталася выпадкова і ўсяго на шэсць хвілін. За гэты час яна паспела выкарыстаць 110 мегабайт, і цяпер вінная аператару 3740 рублёў.

«Выглядае як жарт, але падтрымка запэўнівае, што такія вось тарыфы», — напісала яна.

У каментарыях жанчына падзялілася падрабязнасцямі. Высветлілася, што трафік пайшоў на загрузку паведамленняў у Telegram: пасля прызямлення на тэлефон пачалі прыходзіць апавяшчэнні.

«У мяне было загадзя спампавана і аплачана прыкладанне eSIM. Таму першапачаткова я падумала, што гэта яно спрацавала. А аказалася, што сетка пераключылася на роўмінг. Нічога не спампоўвала», — удакладніла Алевціна.

Незадаволенасць беларускі актыўна падтрымалі ў каментарыях.

«Як толькі мінус рубель — дык яны адразу ж блакуюць. А калі ў мяне ў ЗША з выключаным роўмінгам набегла 1000 р. — дык трымалі, пакуль не набяжыць капейка))) Як гэта працуе?))»

«Адкуль увогуле бяруцца гэтыя расцэнкі ў МТС? Мне за тры хвіліны інтэрнэту налічылі 800 р. У мяне што, сувязь з Альфай Цэнтаўра была???»

«Хопіць вінаваціць людзей, што яны не паглядзелі тарыфы на роўмінг і не падключылі нейкі план. Гэта ненармальна ў любым выпадку. <�…> Аператар абавязаны зрабіць сістэму, якая будзе блакаваць доступ пасля пэўнай сумы. Калі чалавек на гэта разлічвае, ён пакладзе грошы загадзя. Бязлімітна даваць карыстацца ў доўг на сотні долараў — гэта ўжо махлярства».

«@by_mts, а калі б дзяўчына вырашыла спампаваць прыкладанне або пару фільмаў на 3 ГБ, то яна павінна была б заплаціць вам за інтэрнэт 36 000 $? Гэта кошт кватэры ў многіх краінах. Як гэта магчыма?»

«Не ўсе людзі разбіраюцца ў роўмінгах і наогул у тэлефонах. Ёсць пажылыя людзі. Навошта вы выкарыстоўваеце такія чорныя патэрны для заробку?! Няўжо нельга неяк папярэдзіць чалавека, што ў яго спісваюцца вялікія сумы? Няўжо не зразумела, што чалавек у цвярозым розуме не будзе ў роўмінгу за такія грошы сядзець? @by_mts, хацелася б пачуць вашыя думкі з гэтай нагоды… Чаму нельга вырашыць гэтае пытанне?!»

Былі і тыя, хто з кампаніяй згодны і лічыць, што людзі ў такой сітуацыі самі вінаватыя.

«Народ, улічвайце, што калі вы ў роўмінгу, вы госць у чужой сетцы. Наш аператар там нічога не кантралюе, ён проста перавыстаўляе рахунак, які яму выставілі».

«Загадзя трэба вывучаць пытанне па роўмінгу, а не потым ужо скардзіцца ў духу „а мы не ведалі“. На будучыню: адпраўляешся ў іншую краіну — адключаеш у наладах смартфона сваю сімку і на месцы купляеш мясцовую. Потым ніякіх праблем не ўзнікае».

«Чаму ўсюды ўсе вінаватыя: то МТС, то А1, а самі спрабавалі правільна карыстацца роўмінгам? Вы паводзіце сябе як кіроўца, які заплюшчыў вочы на трасе і чамусьці трапіў у ДТЗ! Я больш за дзесяць гадоў падключаю роўмінгавыя пакеты пры паездках па Еўропе, выбіраю аператара — і ніколі не было праблем».

У каментарыях былі і парады: Алевціне прапаноўвалі з'ездзіць у офіс МТС і паспрабаваць дамовіцца на меншую суму.

Успомнілі і пастанову ўрада ад 4 сакавіка 2026 года, якой, між іншым, усталявалі ліміт запазычанасці па сотавай сувязі — не больш за пяць базавых. Вось толькі аўтару посту тут не пашанцавала: менавіта гэты пункт пастановы ўступае ў сілу толькі праз тры месяцы пасля апублікавання дакумента (6 чэрвеня).

Што кажуць у МТС

Журналістка патэлефанавала ў даведачную службу МТС як карыстальніца мабільнага аператара, уражаная гісторыяй пра вялікі доўг у роўмінгу. На пытанне, чаму так дорага бяруць за інтэрнэт у роўмінгу, супрацоўніца кампаніі адказала коратка:

— Краіны знаходжання [і іх тарыфы] бываюць вельмі дарагімі.

Журналісты таксама ўдакладнілі, чаму ў такім выпадку рахунак не блакуюць, як толькі з'яўляецца запазычанасць.

— Паколькі роўмінгавыя аператары на працягу 30 дзён дасылаюць кошт за паслугі сувязі (можа быць больш, можа менш, неабавязкова менавіта 30), калі абанент скарыстаўся нейкімі паслугамі ў роўмінгу, [мы гэтага адразу не бачым]. Звесткі паступаюць роўмінгаваму аператару, ён налічвае пэўную суму, якую далей дасылае ў МТС. МТС гэтую суму спісвае з рахунку абанента, — патлумачыла яна.

Каб не трапіць у сітуацыю, калі з рахунку могуць выпадкова спісацца вялікія грошы, суразмоўніца параіла адключыць паслугу роўмінгу на нумары праз прыкладанне «Мой МТС». У такім выпадку, патлумачыла яна, сім-карта будзе заблакаваная за мяжой, і ёй немагчыма будзе скарыстацца.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках