У Маскве спрабавалі падарваць былога міністра дзяржаўнай бяспекі «ДНР»
6- 12.06.2026, 21:02
- 2,870
Ля дома Андрэя Пінчука ўзарвалася пасылка з выбухоўкай.
У Новай Маскве адбылася спроба замаху на былога кіраўніка міністэрства дзяржаўнай бяспекі так званай «ДНР» Андрэя Пінчука, паведамляе тэлеграм-канал Shot.
Як паведамляецца, інцыдэнт адбыўся 12 чэрвеня ў пасёлку Шчапава, дзе каля дома Андрэя Пінчука ўзарвалася пасылка з выбухоўкай і паражальнымі элементамі.

Паводле папярэдніх звестак, сам Пінчук не пацярпеў, бо паспеў схавацца. Яго сям'я ў момант выбуху знаходзілася ў іншым месцы і таксама не пацярпела.

У выніку выбуху ў доме былі пашкоджаны вокны і дзверы. На месцы здарэння працуюць расійскія сілавікі, якія высвятляюць абставіны інцыдэнту і шукаюць магчымых падазраваных.
Андрэй Пінчук у 2014—2015 гадах, адразу пасля пачатку расійскай гібрыднай вайны ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, займаў пасаду кіраўніка міністэрства дзяржаўнай бяспекі «ДНР». Таксама ён камандаваў добраахвотніцкім атрадам «БАРС-13».


