Беларус застрэў у акупаваным Крыме
10- 12.06.2026, 20:54
- 8,112
У чым прычына?
Жыхар горада Жыткавічы не змог выехаць з акупаванага Крыму да новага месца працы з-за даўгоў па крэдытах і штрафах. Каб зняць абмежаванне на выезд, яго родным давялося пагасіць запазычанасць больш як на 9 тысяч рублёў, паведамілі ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
38-гадовы беларус доўгі час працаваў на тэрыторыі анексаванага Крыму. Пры гэтым аліменты на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці на радзіме ён выплачваў своечасова, а вось крэдыты і штрафы ДАІ сістэматычна не аплачваў.
У дачыненні да даўжніка было ўзбуджана дзесяць выканаўчых вытворчасцяў, агульная сума запазычанасці перавысіла 9 тысяч рублёў. Суд Жыткавіцкага раёна часова абмежаваў мужчыну ў праве выезду за межы Беларусі. Звесткі пра гэта былі перададзеныя ў базу дадзеных памежнай службы ФСБ Расіі.
Праблемы ўзніклі, калі беларус вырашыў пакінуць Крым і накіравацца на новае месца працы ў Арынбургскую вобласць РФ. На аўтамабільным пункце прапуску супрацоўнікі расійскай памежнай службы праверылі дакументы і выявілі дзейную забарону на выезд з-за нявыплачаных даўгоў.
Каб працягнуць паездку, мужчына звязаўся з роднымі ў Жыткавічах. Тыя ўнеслі ўсю суму запазычанасці на дэпазітны рахунак аддзела прымусовага выканання.
Пасля поўнага пагашэння даўгоў выканаўчыя вытворчасці былі завершаныя, а абмежаванне на выезд знята.