Закаханыя ў Швецыі змогуць узяць шлюб прама ў краме IKEA
6- 12.06.2026, 12:21
- 1,110
Шлюб, заключаны ў шоуруме, будзе мець юрыдычную моц.
У крамах IKEA ў Швецыі цяпер можна будзе не толькі выбраць мэблю, але і заключыць афіцыйны шлюб. Праўда, пакуль такая магчымасць з’явіцца толькі 27 чэрвеня, калі пяць крамаў сеткі адкрыюцца для шлюбазлучэння 15 пар, адзначае «Еўрапульс».
Вясельныя пляцоўкі абсталююць у шоурумах, а абстаноўку для цырымоніі змогуць выбраць самі жаніх і нявеста. Гэта можа быць утульны пакой у вясковым стылі, прастора, аформленая ў сучасным ключы, або нават балкон з крэслам-качалкай і раслінамі.
Шлюб, заключаны ў шоуруме, будзе мець юрыдычную моц — цырымонію правядзе ўпаўнаважаны прадстаўнік. Перад гэтым, як і перад любым іншым вяселлем у Швецыі, будучыя сужэнцы павінны загадзя прайсці hindersprövning, праверку перашкод да шлюбу, у Шведскім падатковым агенцтве. Там пацвярджаюць, што абодва партнёры маюць права ўступіць у шлюб, то бок дасягнулі поўналетняга ўзросту, не знаходзяцца ў іншым шлюбе і не з’яўляюцца блізкімі сваякамі. У дзень цырымоніі пары трэба будзе прынесці сапраўдныя пасведчанні асобы, а побач з жаніхом і нявестай павінны знаходзіцца два поўналетнія сведкі.
Акцыя пройдзе толькі ў пяці шведскіх гарадах — Мальмё, Лінчэпінгу, Ёнчэпінгу, Удэвале і Карлстадзе. Пасля таго, як адкрылі запіс на цырымоніі, пачаўся такі ажыятаж, што месцы давялося размеркаваць па прынцыпе «хто першы — таго і месца».
Свята не абмяжуецца толькі рэгістрацыяй — на цырымонію можна будзе запрасіць да 10 гасцей. Пасля афіцыйнай часткі IKEA прыладзіць для маладажонаў фуршэт з летнім меню і падорыць парам вясельны падарунак.
У сацсетках жартуюць, што развод можна паскорыць, калі паспрабаваць сабраць гэты вясельны падарунак дома.