«Лукашэнка з гэтым нічога не можа зрабіць»
1- 9.05.2026, 11:59
- 10,756
Асабліва моцна крызіс ударыць па беларускім машынабудаванні.
За студзень–сакавік сёлета Беларусь зарабіла на экспарце тавараў $11 млрд, што на 20% больш, чым летась.
У той жа час павялічыўся і аб’ём імпарту — на 14%, і сальда знешняга гандлю працягвае заставацца адмоўным.
Пры гэтым на ўнутраным рынку фармуюцца новыя тэндэнцыі: не толькі насельніцтва, але і кампаніі актыўна прадаюць валюту. У красавіку яны разам прадалі замежнай валюты на $568 млн больш, чым набылі.
Узрослая прапанова прывяла да ўмацавання беларускага рубля адносна долара.
Ці замацуецца гэтая тэндэнцыя і якія фактары надалей будуць уплываць на беларускі экспарт і беларускі рубель, «Філін» даведаўся ў магістра эканомікі, спецыялісткі ў сферы дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця Алісы Рыжычэнкі.
— Сапраўды, экспарт павялічыўся, але трэба разумець, за кошт чаго: узраслі сусветныя цэны на калійныя ўгнаенні, плюс з-за сусветнага энергетычнага крызісу павысіліся цэны на нафту і нафтапрадукты, — тлумачыць Аліса Рыжычэнка. — То бок таварны аб’ём экспарту не павялічыўся, павялічылася сума ў вартасным выражэнні.
Пры гэтым зазначу, што імпарт таксама вырас, і сальда знешняга гандлю па-ранейшаму застаецца адмоўным. Таму радавацца асабліва няма падстаў.
Шэраг знешніх фактараў склаўся спрыяльна, і Лукашэнка фактычна скарыстаўся гэтым момантам, бо можа танней закупляць расійскую нафту і прадаваць нафтапрадукты па больш высокіх сусветных цэнах.
Пры гэтым у сакавіку ЗВР скараціліся больш чым на мільярд. Гэта азначае, што выдаткаў стала больш і даводзіцца задзейнічаць у тым ліку і ЗВР, каб пагашаць знешнія абавязацельствы і выкарыстоўваць іх для падтрымкі валютнага курсу.
У сваю чаргу адмоўнае сальда, якое доўгі час захоўваецца, як у нас, у перспектыве можа паўплываць на змяненне валютнага курсу ўнутры краіны. Атрымліваецца, што мы трацім валюты больш, чым прыцягваем.
Канечне, тут нельга не ўлічваць, што валюта ў нас перш за ўсё расійская, а не долары і еўра, бо Расія — наш галоўны гандлёвы партнёр. І беларускі рубель абясцэніўся адносна расійскага на 11%.
— А чаму ён умацоўваецца адносна долара?
— Ёсць некалькі прычын. Першая — унутраны попыт на долары ў нас ніжэйшы, чым прапанова. Сёння адбываецца такая «прымусовая ліквідацыя» валютных запасаў як з боку фізічных, так і з боку юрыдычных асоб.
— Што або хто іх прымушае?
— Бізнесу ў дадзены момант патрэбныя грошы, каб заплаціць ПДВ, бо наступіла пара падатковых плацяжоў. Акрамя гэтага ім трэба выплачваць заробкі, патрэбныя абаротныя сродкі. Таму яны свае валютныя запасы пераводзяць у беларускія рублі, каб своечасова правесці ўсе плацяжы.
Таксама на бізнес уплывае моцны рост цэн на імпартныя тавары. Яны растуць з-за таго, што павялічваюцца лагістычныя выдаткі, што адбіваецца на страхавых узносах.
І гэта я б ужо адзначыла як тэндэнцыю, якая нікуды не дзенецца, нават калі, дапусцім, у Армузскай пратоцы ўдасца ўрэгуляваць канфлікт, і судны зноў пачнуць хадзіць бесперашкодна.
Страхавыя кампаніі ўсё роўна будуць закладаць гэтыя рызыкі ў кошт страхоўкі. То бок страхавыя ўзносы і кошт транспартавання застануцца павышанымі.
Павялічыцца сабекошт тавараў, а ўзрослыя выдаткі і далей будуць перакладаць на пакупніка. То бок цэны на імпартныя тавары ў Беларусі будуць працягваць расці.
— Як гэта адаб’ецца на курсе долара?
— Курс долара залежыць ад таго, ці будуць у ЗША зноў павышаць ключавую стаўку, як яны ўжо рабілі ў апошнія гады, каб стрымліваць інфляцыю. Калі павысяць, долар ізноў умацуецца як сусветная валюта. І ў Беларусі таксама.
Моцна будзе ўплываць і расійскі фактар. Нізкі курс долара ім цяпер нявыгадны для бюджэту. Хутчэй за ўсё, яны будуць прымаць меры, каб яго павышаць. Паводле прагнозаў іх экспертаў, да лета курс долара складзе 95–100 рублёў. І гэта таксама будзе адбівацца на курсе ўнутры нашай краіны.
Шмат што залежыць і ад паводзінаў саміх беларусаў. Цяпер мы назіраем, што бізнес здае валюту. Але можа адбыцца і процілеглая сітуацыя, калі бізнес пачне набываць больш валюты, бо цэны на імпартныя тавары будуць расці.
У такім выпадку курс долара таксама будзе ўмацоўвацца. А фізасобы — ці будуць яны і далей актыўна прадаваць валюту, ці ўбачаць нейкія мінімальныя рухі росту і, як гэта бывае, пабягуць у абменнікі скупляць долары?
Падкрэслю, што інфляцыя ўнутры краіны, а цэны працягваюць расці, таксама вядзе да абясцэньвання нацыянальнай валюты.
— Крызіс у рознай ступені цяпер перажываюць многія краіны. Ці з’яўляецца становішча нашай краіны больш уразлівым і ў чым?
— Тое, што мы назіраем у эканоміцы Беларусі, — гэта не ўстойлівыя і структурныя змены, а ўплыў знешніх фактараў. І сам Лукашэнка з гэтымі фактарамі нічога зрабіць не можа.
Так, ён часова скарыстаўся сітуацыяй. Але пры гэтым у Беларусі сапраўды даволі ўразлівае становішча, бо яна цалкам залежыць ад таго, што адбываецца ў Расіі.
А там надыходзіць моцны эканамічны крызіс, фактычна рэцэсія. Вялізныя выдаткі на вайну прывялі да таго, што ўжо за першы квартал дэфіцыт бюджэту выйшаў за межы гадавога плана.
Спыніліся інфраструктурныя праекты, у некаторых рэгіёнах бюджэтнікам з пачатку года затрымліваюць заробкі. Сур’ёзны заняпад прызнаюць і Пуцін, і ўрад.
На РФ прыпадае 60–70% беларускага экспарту, яшчэ 15% ідзе ў трэція краіны, але праз расійскую тэрыторыю, а значыць, таксама залежыць ад Расіі.
На фоне іх крызісу моцна скараціцца экспарт нашых тавараў грамадзянскага прызначэння. Асабліва гэта ўдарыць па машынабудаванні. Насамрэч тэндэнцыя захоўваецца з мінулага года: ужо тады вельмі ўпаў продаж нашых самасвалаў БелАЗ.
Зразумела, што такое становішча будзе біць па ўсёй эканоміцы краіны, бо іншых рынкаў збыту практычна няма. Такія высновы можна рабіць і зыходзячы з таго, што ўпершыню складскія запасы ў нас дасягнулі больш як 100% месячнага аб’ёму вытворчасці.
Таму тыя самыя 20% павялічанага экспарту, падкрэслю, у вартасным выражэнні — усяго толькі кароткатэрміновы эфект ад знешніх фактараў.