Ва Украіне створана геніяльная сістэма
2- Мікалай Статкевіч
- 15.06.2026, 11:21
- 3,028
Свабодны рынак стаў фактарам перамогі.
Звычайна, нават у дэмакратычных краінах са свабоднай эканомікай, падчас вялікай вайны для рэгулявання эканамічных працэсаў улады пераходзяць да камандных метадаў кіравання. Прыватным прадпрыемствам даводзяць, якую ваенную прадукцыю і ў якой колькасці выпускаць. А працэс стварэння ўзораў гэтай прадукцыі і прыняцця іх на ўзбраенне — вельмі складаны і працяглы па часе бюракратычны працэс. І не факт, што прынятая на ўзбраенне, зробленая на заводзе ваенная тэхніка будзе мець перавагу над аналагічнай тэхнікай праціўніка. Асабліва падчас гонкі ўзбраенняў, калі кожны бок імкнецца мадэрнізаваць сваю ваенную тэхніку з улікам досведу баявых дзеянняў і дасягненняў праціўніка. Але ў вайскоўцаў выбару няма — бяры, што даюць, нам відней, што даваць. Мне было важна даведацца, як кіруецца і працуе на вайну эканоміка абодвух бакоў расійска-ўкраінскай вайны.
З расійскага боку ўсё блізка да традыцыйных метадаў. У большасці дзяржаўныя навукова-даследчыя інстытуты і канструктарскія бюро распрацоўваюць новыя ўзоры ўзбраення або прапануюць мадэрнізацыю існых. Заводы таксама пераважна дзяржаўныя, яны выконваюць заданні па вытворчасці або мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, а штабы размеркоўваюць яе па войсках.
Украінская ж, пераважна прыватная эканоміка, арганізаваная для выканання ваенных задач інакш. Яшчэ да вайны я атрымаў у турме ліст ад беларускай дзяўчыны, якая апынулася ў эміграцыі ва Украіне — у Ірпені пад Кіевам. Спадзяюся, што яна паспела эўакуавацца да захопу гэтага горада расіянамі. Дзяўчына пісала, што ва Украіне яе ўразілі дзве рэчы: перадусім надзвычай эфектыўны прыватны малы і сярэдні бізнес і ўсеагульная карупцыя дзяржаўных устаноў. Апошняе не было для мяне навіной — я ведаў пра гэта яшчэ з савецкіх часоў. І ведаў, што ўкраінскі бізнес навучыўся абыходзіць бюракратычныя рагаткі з дапамогай хабароў. Там прынята «змазваць шасцярэнькі» непаваротлівага дзяржаўнага механізму, каб ён круціўся ў патрэбны бок. Але як сумясцілі ўласцівыя ўкраінцам прадпрымальнасць, ужо развіты досвед і энергію прыватнай ініцыятывы з карумпаваным дзяржаўным механізмам, каб войскі атрымлівалі найлепшую зброю, а не тую, за якую далі большы хабар, я не ведаў. Пакуль не прачытаў, што вырабленыя ўкраінскімі прыватнымі прадпрыемствамі ваенная тэхніка і экіпіроўка выстаўляюцца на спецыяльнай электроннай пляцоўцы «Brave1 Market», адкуль набываюцца камандзірамі вызначаных правераных вайсковых частак за балы, налічаныя гэтым часткам. Пастаўка набытага адбываецца цягам двух тыдняў. Балы налічваюцца кожнай частцы, пасля праверкі відэадаказаў, за знішчаных варожых салдат і баявую тэхніку паводле ўстаноўленай зверху сістэмы «Army of Drones bonus» — колькі балаў за якую знішчаную тэхніку або салдата налічваецца. Напрыклад, за знішчаны танк налічваецца 40 балаў, за забітага праціўніка — 6 балаў. Дрон тыпу «Vampire» можна набыць за 43 балы. І каб скіраваць войскі знішчаць найперш пэўны від мэтаў, цяпер не трэба даводзіць да войскаў грозныя загады або дырэктывы. Дастаткова толькі павысіць бал за знішчэнне гэтага віду мэтаў.
Натуральна, што камандзіры імкнуцца набываць найбольш патрэбную і эфектыўную тэхніку, каб мець найвышэйшую баявую эфектыўнасць і зарабіць як мага больш балаў. Таму прадаўцы найлепшай ваеннай тэхнікі атрымліваюць больш балаў, якія дзяржава пераводзіць у грошы, а найлепшыя вайсковыя часткі — лепшую забяспечанасць найлепшымі ўзорамі ўзбраення. З’явілася нешта кшталту адкрытага для сваіх рынку ўзбраення, скіраванага на патрэбы ваенных «пакупнікоў», што прымушае прамысловых «прадаўцоў» канкурыраваць між сабой і пастаянна працаваць над удасканаленнем узбраення з улікам меркаванняў войскаў. Атрымалася вельмі гнуткая, аператыўная і эфектыўная ваенна-эканамічная сістэма з мінімальным удзелам бюракратычнага, а значыць — карупцыйнага кампанента. Таму, напэўна, Украіна і выйграе на дадзены момант у ваенна-тэхналагічнай гонцы з Расіяй. Тым больш, што ўкраінскія прадпрыемствы, у адрозненне ад расійскіх, не маюць абмежаванняў для набыцця на сусветным рынку кампанентаў, з якіх збіраецца дамінуючая цяпер на полі бою зброя — дроны ўсіх відаў і прызначэнняў.
Безумоўна, і ў гэтай сістэмы ёсць уразлівыя месцы. На мой погляд, гэта перадусім аналіз відэадаказаў знішчэння варожай жывой сілы і тэхнікі, дзе застаецца прастора для суб’ектыўных высноў. Але ў будучыні гэтая задача можа быць перададзеная штучнаму інтэлекту.
Ёсць красамоўныя гістарычныя прыклады важнасці гэтай задачы. Напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны амерыканскія саюзнікі прапанавалі Савецкаму Саюзу, апроч сваіх самалётаў-знішчальнікаў, пастаўляць для іх яшчэ і фотакулямёты — кінакамеры, якія ўключаліся пры націсканні пілотам на гашэткі самалётавых гармат або кулямётаў, каб зафіксаваць, ці быў насамрэч збіты варожы самалёт. Але савецкія прадстаўнікі гонарліва адмовіліся — маўляў, у нас усе лётчыкі — камуністы або камсамольцы, і яны не стануць хлусіць, збілі яны варожы самалёт ці не. Аднак праз некаторы час, калі колькасць збітых, паводле дакладаў з савецкіх авіяцыйных частак, нямецкіх самалётаў разоў у пяць перавысіла агульны склад Люфтвафэ (хаця пры гэтым апошнія па-ранейшаму дамінавалі ў паветры), савецкія прадстаўнікі ўсё ж папрасілі амерыканцаў паставіць ім гэтыя фотакулямёты. Пасля гэтага «дакладзеная» баявая эфектыўнасць «сталінскіх сакалоў» упала ў разы.
Не ведаю, хто канкрэтна ва Украіне прапанаваў гэтую ўнікальную ў свеце ваенна-эканамічную сістэму, заснаваную на прынцыпах свабоднага рынку. Але гэты чалавек не толькі глыбока разумеў украінскую ментальнасць і рэальнасць, але і здолеў стварыць геніяльную сістэму, якая дзеля перамогі актывізавала моцныя бакі гэтай ментальнасці пры нейтралізацыі адмоўных рысаў існай рэальнасці.
Мікалай Статкевіч, Telegram