Расія вучыцца прадаваць бензін сабе на страту
- 22.05.2026, 6:07
- 1,744
Крэмль стаіць перад выбарам без выбару.
Продаж бензіну на ўнутраным рынку РФ стаў стратным для аператараў аўтазаправачных станцый. Пра гэта паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны ў чацвер, 21 мая.
Паводле даных разведкі, у сярэднім АЗС губляюць каля 84 капеек з кожнага літра бензіну АІ-92 — самай папулярнай маркі паліва ў РФ. Па бензіне АІ-95 фіксуецца прыбытак на ўзроўні каля 47 капеек за літр, што з улікам інфляцыі і кошту крэдытаў ацэньваецца як фактычна нулявая маржа.
Сярод прычын — структурныя дысбалансы на рынку паліва. У прыватнасці, стымуляванне экспарту нафтапрадуктаў з боку расійскіх уладаў на фоне абмежавання ўнутранай прапановы, а таксама перагрузка лагістычнай сістэмы з-за вайсковых перавозак, што ўплывае на тэрміны дастаўкі і кошт транспартавання.
Асобна адзначаецца рост выдаткаў нафтаперапрацоўчых заводаў з-за санкцыйных абмежаванняў, у прыватнасці дэфіцыт заходніх прысадак і абсталявання, што закладаецца ў аптовы кошт паліва.
У той жа час адзіным сегментам, які пакуль захоўвае станоўчую рэнтабельнасць, застаецца дызельнае паліва — каля 3,68 рубля за літр. Пры гэтым у ведамстве адзначаюць, што гэты паказчык знаходзіцца пад ціскам з-за высокага попыту з боку вайсковага сектара.
Ужо да канца 2026 года аналітыкі чакаюць хвалю банкруцтваў незалежных сетак АЗС і непазбежны двухзначны рост цэн.
«Канцэпцыя «энергетычнай звышдзяржавы» трансфармавалася ў новую форму: цяпер Расія — гэта месца, дзе нафты столькі, што яе выгадна прадаць каму заўгодна, акрамя ўласных грамадзян. З такімі тэмпамі «паспяховага імпартазамяшчэння» да канца 2026 года галоўным цюнінгам для расійскага аўтапрама стане не новы рухавік, а педальны прывад — ён, прынамсі, не патрабуе АІ-92», — адзначылі ў паведамленні.