Беларускі нападнік Віталь Пінчук будзе гуляць у НХЛ
- 27.04.2026, 20:57
Ён падпісаў аднагадовы кантракт з «Нэшвілам».
«Нэшвіл Прэдатарз» афіцыйна абвясціў пра падпісанне аднагадовага кантракта навічка з беларускім нападнікам Віталем Пінчуком. Раней хакеіст заявіў, што пакідае мінскае «Дынама», і развітаўся з заўзятарамі.
Пінчук выступаў за беларускі клуб на працягу шасці сезонаў — з 2020 па 2026 год. Усяго ў рэгулярных чэмпіянатах КХЛ ён правёў за мінчукоў 252 матчы, у якіх закінуў 73 шайбы і аддаў 72 выніковыя перадачы, набраўшы 145 ачкоў пры каэфіцыенце карыснасці «+29». У плэй-оф на яго рахунку 28 гульняў, дзевяць галоў і 13 перадач — усяго 22 ачкі пры каэфіцыенце карыснасці «-1».
24-гадовы форвард не быў выбраны на драфце НХЛ.