17 красавiка 2026, Пятніца, 22:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Беларусі ўзмацняюць ціск на валютныя зберажэнні

Улады Беларусі ўзмацняюць ціск на валютныя зберажэнні

Беларусаў стымулююць трымаць грошы ў рублях.

Людзі і сапраўды цяпер захоўваюць грошы ў беларускіх рублях, але не таму, што пачалі больш давяраць рублю або дзяржаўнай сістэме, а таму, што сёння ў нас вельмі мала інструментаў, якія дазваляюць захоўваць свае зберажэнні ў замежнай валюце, таму людзі пераключаюцца на зберажэнні ў беларускіх рублях, — распавяла Аліса Рыжычэнка у Malanka Media.

Розныя тэрміновыя ўклады ў рублях абіраюць з-за працэнтных ставак, якія значна вышэйшыя, чым па валютных укладах. І гэта не адзіная такая мера, а цэлая палітыка.

З 23 красавіка якраз уступіць у сілу абмежаванне валютных пазыкаў паміж фізічнымі асобамі, якое забараняе пазыкі ў замежнай валюце ўсім, за выключэннем блізкіх сваякоў.

Гэты закон уводзіўся на фоне моцных ваганняў курсу долара ў сувязі з узнікненнем ваеннага канфлікту ў Іране. Любыя крызісы, што датычацца коштаў на нафту, заўсёды прыводзяць да павелічэння коштаў на імпартныя тавары.

Беларусь закупляе значныя аб'ёмы імпарту, у тым ліку прамежкавых тавараў для вытворчасці нечага ў сябе. Улады разумеюць, што ўсё гэта будзе ўплываць на цэны ўнутры краіны, то бок усё ляжа на плечы спажыўца, што прывядзе да росту інфляцыі.

Відавочна, гэта паўплывае і на змяненне курсу нацыянальнай валюты — яна будзе абясцэньвацца.

Таму дзяржава прымае розныя меры, каб людзі нават не ўспаміналі пра долары, каб у іх не было ніякіх механізмаў карыстацца доларамі ўнутры краіны.

Але гэта ніяк не змяняе ментальнасць беларусаў, якія дагэтуль працягваюць усё лічыць менавіта ў доларах.

Адзначу, што з'явілася навіна, і беларусам будуць прапаноўваць доўгатэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях, на тэрмін больш за тры гады, з магчымымі падатковымі льготамі і з магчымасцю папаўнення ў любы момант.

Гэта практычна такое «квазіфінансаванне» дзяржаўных структур. Каб закрыць дэфіцыт ліквіднасці ў банкаўскай сістэме, дзе наяўных грошай становіцца менш, дзяржава прыцягвае грошы насельніцтва.

Экспертка не выключае, што такая грашовая палітыка можа мець розныя наступствы.

— З такімі ўкладамі можа здарыцца што заўгодна. Любы знешнепалітычны крызіс можа адаб'цца на беларускай эканоміцы, той жа нафтавы.

Непрадказальныя часы, у якія адбываюцца і крызісы, і пасткі. У любым выпадку гэта сітуацыйны працэс, які можа разгарнуцца.

І калі заўтра беларусы ўбачаць змяненне курсу долара, напрыклад, з 2,9 да 3,5 рубля, усе адразу кінуць здымаць гэтыя ўклады і пераводзіць свае зберажэнні ў замежную валюту, у долары.

У той жа час эканамістка раіць не захоўваць зберажэнні ў адной валюце.

— Калі мэта — зарабляць грошы, то ўклады ў беларускіх рублях, нават з такімі высокімі стаўкамі, якія сёння прапануюцца, не абароняць вашыя зберажэнні ад інфляцыі.

А калі мэта — зарабіць, умоўна, хутка тут і цяпер, могуць быць іншыя варыянты. Але цяпер беларускія банкі не прапануюць такіх ставак па ўкладах, каб можна было хутка зарабіць.

Калі ж стаіць доўгатэрміновая мэта захавання сваіх зберажэнняў, то, вядома, лепш выкарыстоўваць замежную валюту, і не толькі долары, але і іншую.

Насамрэч, калі ваша мэта — зарабіць, дык ні долары, ні еўра, ні іншая валюта не з'яўляюцца інструментамі для інвестыцый. Інструментамі для інвестыцый з'яўляюцца акцыі, каштоўныя паперы і г.д. Чым у Беларусі нельга займацца.

У любым выпадку, у залежнасці ад мэты — захаванне, зберажэнне або памнажэнне — лепш усё ж такі дыверсіфікаваць свае зберажэнні, то бок трымаць іх у розных валютах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках